У часе выратавання жыхароў падтопленых дамоў у Гродне пацярпелі работнікі МНС

|

Гэта пажарны ПАСЧ №2 Павал Янушкевіч і пажарны ПАСЧ 1 №1 ПАСО 5 гарадскога аддзялення МНС Станіслаў Кончык. Паводле апошняй інфармацыі, іх жыццю пагрозы няма. Адзін з іх атрымаў апёкі стопаў, найбольш пацярпеў той, якому кіпень трапіў за каўнер.

 

Паводле прэс-службы Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, прарыў трубаправода дыяметрам 700 мм здарыўся ў 3.01 каля жылога дома па вуліцы Бялуша 20а. У зоне падтаплення апынуліся 6 прыватных дамоў. У службу “101” патэлефанаваў адзін з іх жыхароў.

 

Супрацоўнікі МНС выратавалі 11 чалавек. Дарослых эвакуявалі з дапамогай выратавальных дошак, трох дзяцей выносілі на руках. Глыбіня гарачай плыні вады дасягала 1 метра.

Ад кіпеню людзі ратаваліся, імкнучыся забрацца як мага вышэй. Памяшканні былі настолькі запоўненыя гарачай парай, што нічога не было відаць на адлегласці выцягнутай рукі. Выратавальнікі ішлі на галасы людзей, некаторыя пацярпелыя спрабавалі пазначыць сябе, уключыўшы мабільныя тэлефоны.


Жыхароў падтопленых дамоў часова размясцілі ў гасцініцы, СШ№13 і ў сваякоў.

 

З-за падмыву дарогі, пад дарожнае пакрыццё праваліліся 5 аўтамабіляў.

 

На месцы працуюць аварыйныя брыгады водакалана і УЭРЭП Кастрычніцкага раёна. З-за аварыі знізіўся ўзровень запаўнення цепласетак вадой і тэмпературнага рэжыму па большай частцы Кастрычніцкага раёна і частцы Ленінскага. На дадзены момант ідзе запаўненне сетак вадой.

 

Здымкі Вольгі Мілавай