Падары дзіцяці сябра і дапамажы выхаванцам Гродзенскага хоспісу трапіць у Друскенікі

|

Маленькія пацыенты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў пачатку снежня намалявалі сваіх уяўных сяброў. Гэтыя малюнкі перададзены валанцёрам Гродзенскага дзіцячага хоспісу, якія паводле малюнкаў робяць цацкі.

 

Цацкі выставяць на інтэрнэт-аўкцыён, дзе кожны ахвотны зможа набыць іх і падарыць маленькім аўтарам малюнкаў, разам з цацкай падарыўшы і надзею на ацаленне.

 

Малюнкі цацак з іх коштам з’явяцца на сайтах «МаеСэнс» і «PaRamonak».

Грошы ад правядзення інтэрнэт-аўкцыёну пойдуць на арганізацыю паездкі дзяцей, якімі апякуецца Гродзенскі хоспіс, у аквапарк у Друскеніках.

 

Вольга Шульга, дырэктар ГДТ “Гродзенскі дзіцячы хоспіс”:

 

– Мы атрымалі 25 малюнкаў. Цяпер нашыя валанцёры, бацькі дзяцей і самі дзеці робяць па гэтых малюнках цацкі: робата, жырафа, чарапаху, вожыкаў, сонейка, мядзведзікаў, караблікі…    На адным з малюнкаў – мама, так што шыем ляльку ў выглядзе мамы.  


Гэта вельмі складана, добра, што ў нас ёсць крэатыўныя вланцёры і бацькі, якія здолелі ацаніць з якога матэрыялу і якім чынам гэта можна зрабіць.

Учора размеркавалі заданні паміж сем’ямі, праца павінна быць скончаная да 27 снежня.


Для нас гэта і магчымасць парадаваць хворых дзяцей, і дадатковая магчымасць сабраць грошы на паездку ў аквапарк.


Шэраг дабрачынных акцый па зборы сродкаў для паездкі дзяцей у Друскенікі Гродзенскі дзіцячы хоспіс распачаў 2 снежня.