Дабрачыннасць перад Калядамі: як і сто год таму
Як і больш за сто год таму, гасцінны домік адкрыў свае дзверы для маленькіх дзетак, якія выхоўваюцца без бацькоў. Як раней вядомая гарадзенская пісьменніца, так і сёння супрацоўнікі музея імкнуцца падарыць радасць абяздоленым.
“Май сэрца як мага больш чыстае і аддавай як мага больш паслуг зямлі і людзям” – такі быў адзін з жыццёвых дэвізаў Ажэшкі, які яна годна несла праз усё жыцце, імкнуўшыся дапамагаць тым, хто сапраўды меў у гэтым патрэбу.
На навагодні ранішнік былі запрошаны дзеці з дзіцячых дамоў Гродна, а таксама з Лойкаўскага сацыяльнага прытулка. Павіншаваць іх з надыходзячым Новым годам і Калядамі прыйшоў начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Вярсоцкі:
“Самым малодшым з вас хачу пажадаць, каб тыя мары, пра якія вы пісалі ў сваіх лістах да Дзеда Мароза, збываліся”, – сказаў ён дзецям.
Таксама падзякаваў супрацоўнікам абласной бібліятэкі за тое, што аднавілі традыцыю правядзення такіх дабрачынных сустрэч. Ужо дзевяць год пад дахам гэтага маленькага дома перад каляднымі святамі збіраюцца людзі, неабыякавыя да лёсаў сірот, каб падараваць ім хоць маленькую, але вельмі шчырую часцінку свайго душэўнага цяпла.
Дзеткі ўважліва слухалі пажаднні ды ўсміхаліся, чакаючы толькі таго, калі пачнецца прадстаўленне. І, вядома, падарункаў. Нават юнакі, якім не па ўзросце ўжо верыць у казку, неяк прачулі тую дзіўную атмасферу, што пануе тут, у невялікай зале доміка Элізы Ажэшкі.
Калісці напярэдадні Каляд сама пісьменніца ладзіла такія дабрачынныя вечарыны для дзяцей-сірот і дзяцей мясцовай беднаты. У канцы яна заўсёды адорвала ўсіх прысутных дзетак падарункамі. І хоць будынак музею – навадзел, добрую атмасферу і настрой ствараюць людзі. Супрацоўнікі бібліятэкі пастараліся зрабіць сваім маленькім падапечным спараўдная сямейнае свята.
На ранішнік, як і мае быць, завітаў Дзед Мароз. Ён прынёс падарункі, што для дзяцей падрыхтавалі мецэнаты. Імі сталі буйныя прадпрыемствы горада: “Малочны Мір”, “Белкард”, “Беларусбанк” ды іншыя. Сярод арганізатараў, ужо традыцыйна, прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай цэркваў, а таксама фундатары з Польшчы.
Ксёндз Юзаф Макарчык з Францішканскага касцёла таксама быў госцем ранішніка
Здымкі Яна Лялевіча