Гродзенскія веласіпедысты атрымалі адпіску ад гарвыканкама

|

Адказу чакалі амаль месяц: ліст быў перанакіраваны ва ўпраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва. А калі дачакаліся – не зразумелі яго сэнсу.

 

У лісце за подпісам намесніка начальніка упраўлення гаворыцца, што ўсталяванне велапарковак вядзецца “паводле распрацаваных схем веласіпеднага руху” і абяцаецца выкарыстаць прапановы аўтараў ліста ў часе распрацоўкі перспектыўнай схемы веласіпеднага руху ў Гродне.

 

Хто і калі збіраецца распрацоўваць схему веласіпеднага руху  ў Гродне не ўдакладняецца.

 

А ў пункце дакумента, на які спасылаецца упраўленне, гаворыцца толькі, што “веладарожкі і месцы для часовага захоўвання веласіпедаў трэба праектаваць адпаведна патрабаванням СНБ 3.03.02”.

 

 

Юля Каляда, адна з аўтараў ліста ў гарвыканкам:

–         Мы месяц чакалі адказу, а тое, што нам адказалі нас скрайне не задавальняе. Няма адказу ні на воднае з пастаўленых намі пытанняў, спасылаюцца на пункт, які нічога не тлумачыць у дадзенай сітуацыі. Нас вельмі здзіўляе, як упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва можа так вольна трактаваць дакументы.

Пасля навагодніх святаў адправім у гарвыканкам новы ліст, бо хочам усё ж атрымаць адказы на нашыя пытанні.


Нам адказалі, што нашы рэкамендацыі ўлічаць ў часе распрацоўкі перспектыўнай схемы веласіпеднага руху ў Гродне. Але мы ўпершыню чуем пра гэтую схему і хочам высветліць, ці сапраўды ёсць нейкі перспектыўны план развіцця велаінфраструктуры ў горадзе, ці гэта толькі адпіска.

 

На думку гарадзенцаў, у горадзе не хапае каля 100 велапарковак.

 

Гродзенскія велаактывісты накіравалі 80 лістоў у арганізацыі і ўстановы горада з просьбай усталяваць велапаркоўкі. Адказы атрымалі толькі ад шасці: 2 – адмоўных, 4 – з абяцаннямі разглядзець прапановы.

Каля ўваходу ў гарвыканкам велапаркоўкі таксама няма.

 

Здымак http://velogrodno.by