Інсбрук – альпійская казка

| Без катэгорыі

Інсбрук – невялікі горад на захадзе Аўстрыі, сталіца рэгіёна Тыроль. Двойчы горад прымаў Алімпійскія гульні – ў 1964 і 1976 гадах, цяпер вакол яго знаходзіцца некалькі невялікіх горналыжных курортаў. З усіх бакоў Інсбрук акружаны гарамі, нездарма яго называюць сэрцам аўстрыйскіх Альп.

 

 

Тырольская сталіца знаходзіцца на скрыжаванні двух найважнейшых шляхоў праз Цэнтральныя Альпы. Тут перакрыжоўваюцца асноўныя дарогі з Германіі ў Італію праз перавал Бранэр. Горад быў заснаваны ў 1180 годзе на рацэ, ад якой і атрымаў сваю назву – у перакладзе з нямецкага Інсбрук значыць “Мост праз раку Інн”.

 

 

Прагуляцца па старой частцы горада адно задавальненне. Тут захаваліся дзіўнай прыгажосці будынкі, большасць з якіх былі пабудаваныя ў XV-XVI ст., а некаторыя нават і раней.

 

 

На фота – галоўная гандлёвая вуліца Інсбрука – Марыя-Тэрэзія Штрассе. Пасярэдзіне вуліцы ўзвышаецца калонна Святой Анны, заступніцы Інсбрука, узведзеная ў 1703 годзе пасля выгнання баварцаў з тырольскай зямлі.

 

 

Забудова Старога горада сярэдзіны XV стагоддзя – рознакаляровыя жылыя дамы на фоне магутных Альпаў выглядаюць як цацачныя.

 

 

Нават аптэка ў адной з вёсак непадалёк ад Інсбрука выглядае вельмі прывабна.

 

 

У Інсбруку надзвычай папулярны роспіс фасадаў. Прагульваючыся па ўтульных вузкіх вулачках, адчуваеш сябе нібы ў карціннай галерэі, дзе кожны будынак – унікальны твор мастацтва.

 

 

Фасады будынкаў адной з цэнтральных вуліц упрыгожваюць героі аўстрыйскіх казак.

 

Самая папулярная атракцыя для турыстаў у Інсбруку – Залаты дах (Goldenes Dachl). Гэта трохпавярховы балкон на былой рэзідэнцыі Габсбургаў, дах якога ўпрыгожаны 2657 пазалочанымі меднымі пліткамі. Залаты дах быў пабудаваны ў пачатку XVI стагоддзя спецыяльна для імператара Свяшчэннай Рымскай Імперыі Максіміліана І у гонар яго другой жаніцьбы на Бьянцы Марыі Сфорца.

 

 

Каб не страціць саюзнікаў, атрыманых у выніку першай жаніцьбы на Марыі Бургундскай, імператар загадаў намаляваць на балконе карціну, дзе ён знаходзіцца паміж дзвюмя жанчынамі: мінулай і новай жонкай.

 

З гэтага балкона імператар назіраў за жыццём горада, глядзеў турніры і спектаклі, якія ладзіліся на цэнтральнай плошчы.

 

 

На галоўных вуліцах горада часта можна сустрэць жывыя скульптуры. На некалькі імгненняў гэта дзяўчына ажыве, калі пакласці побач манетку.

 

Мне пашанцавала трапіць у Інсбрук напярэдадні навагодніх святаў. Падчас прагулкі па старым горадзе, калі ўсе навокал рыхтуюцца да Раства, з’яўляецца адчуванне, што ты апынуўся ў казцы. Магічную атмасферу свята ствараюць мясцовыя музыканты, якія кожны вечар граюць традыцыйныя калядныя мелодыі на невялікай сцэне ў цэнтры горада.

 

 

У паветры адчуваеца водар глінтвейна і смажаных каштанаў, якія гатуюць проста на вуліцы. Гэтыя традыцыйны святочныя пачастункі трэба абавязкова пакаштаваць на калядным кірмашы, які адкрываецца ўжо ў канцы лістапада і дзейнічае да сярэдіны студзеня.

 

У перадкалядны час на вуліцах можна часта сустрэць моладзь у масках страшнай істоты, Крампуса, злога кампаньёна Санты. Паводле фальклору альпійскага рэгіёну, пакуль Святы Мікалай раздае падарункі паслухмяным дзецям, Крампус пужае тых, хто шмат шкодзіў. На месцы аўстрыйскіх дзетак я б не паводзіла сябе кепска, выгляд у Крампуса сапраўды жахлівы. Вось такога я ўбачыла ў вітрыне адной з крамаў.

 

 

Ад’язджаючы з Інсбрука, трэба абавязкова завітаць у вёску Ватэнз, што ў 15 км ад горада. Менавіта тут у 1895 годзе Даніэль Свароўскі заснаваў сваю першую фабрыку па вытворчасці вырабаў з крышталя, якая за стагоддзе ператварылася ў сусветна знакамітую карпарацыю “Swarowski”. Тэхналагічны склад высакаякасных крысталаў, распрацаваны Даніэлем з сынамі ў 1911 годзе, трымаецца кампаніяй у сакрэце. Сёння ўпрыгожванні з крышталём Swarowski разглядаюцца спецыялістамі як самастойны від ювелірнага мастацтва.

 

 

Побач з фабрыкай знаходзіцца і музей “Крыштальны свет Свароўскі” (Swarovski Crystal Worlds), заснаваны ў 1995 годзе да сталетняга юбілея кампаніі. Аднак яго нельга назваць музеем у традыцыйным разуменні. Гэта хутчэй інтэрактыўная прастора, дзе ў 13 пакоях падземнага лабірынта сумяшчаюцца розныя жанры. Крышталь прадстаўлены ў розных формах і варыяцыях – тут незвычайныя вырабы сучасных мастакоў і дызайнераў, цікавыя аудыявізуальныя кампазіцыі і нават авангардны тэатр.

 

На фота – ўваход у музей.

 

Інсбрук зачароўвае адразу. І справа не ў вузкіх вулачках Старога горада з рознакаляровымі будынкамі, не ў пякарнях і рэстарацыях, якія стаяць на сваім месцы ўжо на працягу некалькіх стагоддзяў. Горы, якія бачныя ў Інсбруку адусюль, быццам бы адразаюць горад ад астатняга свету. Тут пануе нейкая асаблівая лёгкая і бесклапотная атмасфера, тая непаўторная душэўнасць, якая адчуваецца ва ўсіх гарадах, дзе з павагай ставяцца да традыцый і старанна захоўваюць мінулае.

 

Здымкі аўтаркі


ЧЫТАЙ ПРА ІНШЫЯ ПАДАРОЖЖЫ З ДАПАМОГАЙ НАШАЙ ІНТЭРАКТЫЎНАЙ ПАДАРОЖНАЙ МАПЫ!



Глядзець Мапа падарожжаў “Твайго стылю” у большым памеры