Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” адзначыў Каляды і сышоў у адпачынак

|

Традыцыйна слухачы УЗВ адзначылі заканчэнне першага семестру навучання каляднай вечарынай. У Доме культуры “Цветліт” панавала святочная навагодняя атмасфера.

Святочны тон адразу ж задаў выступ хору беларускай духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”. Паўгадзіны госці заварожанна слухалі спевы: у выкананні хору прагучалі беларускія калядкі і духоўныя песні.

Цёплымі словамі павітала прысутных кіраўнічка праграмы Лана Руднік. Пра поспехі і дасягненні першай паловы акадэмічнага году распавёў старшыня ГА “Цэнтр “Трэці сектар” Вітаўт Руднік. Іх з’яўленне на сцэне ў святочных строях выклікала сапраўдныя авацыі.

Не абышлося і без Святога Мікалая, які “выпадкова” трапіў на свята з самой Лапландыі. Пад яго камандаваннем пачаліся танцы і карагоды вакол елкі.

Некаторыя навучэнцы, як у дзяцінстве, расказалі дзіцячыя вершыкі і распавялі, якія яны былі добрыя ўвесь гэты год. Два мяхі падарункаў ад Святога Мікалая дачакаліся свайго часу і знайшлі новых гаспадароў – ніхто не сышоў з пустымі рукамі.

Добрай святочнай ноткай стаў традыцыйны візіт калядоўшчыкаў.

 

У канцы сябры праўлення УЗВ правялі конкурс на лепшы строй. Пераможцамі конкурса сталі ўсе, хто быў у карнавальных масках і строях: кожны атрымаў маленькія падарункі.

Секцыі УЗВ, што працуюць у гэтым годзе, прэзентавалі сябе на сцэне ДК і ля елкі

 

Калядная вечарына сабрала рэкордную колькасць гасцей – больш за 150 чалавек. Увогуле, гэты акадэмічны год у межах УЗВ багаты на рэкорды: колькасць секцый павялічылася да 17, на ўдзел у праграме было пададзена 200 заявак пры наяўных 100 месцаў, блог УЗВ перамог на Фестывалі нефармальнай адукацыі у намінацыі “Лепшы сайт/блог у сферы нефармальнай адукацыі”, спецыяльны прыз атрымаў цыкл відэаролікаў, прысвечаных “Універсітэту Залатога Веку”. Кіраўніцтву праграмы сапраўды ёсць чым ганарыцца.

 

Зараз навучэнцы УЗВ разышліся на канікулы. Заняткі адновяцца 15 студзеня 2013 года.

     
 

Гарадзенскі “Універсітэт Залатога Веку” быў створаны ў красавіку 2010 года сябрамі грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.

             

За гэты час удзел у праграме ўзяло больш за 150 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год. Сёлета прыярытэт у час набору мелі асобы ва ўзросце 55+, людзі, якія наведвалі УЗВ у папярэднія гады, а таксама ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій.