“Калядныя” падарункі ад Свіслацкага суда
Само мерапрыемства прайшло яшчэ 27 кастрычніка, але рэха яго чутно да гэтага часу. Сапраўды, навошта замарочвацца судовай працэдурай, калі можна абмежавацца звычайнай паштоўкай. “Вам прысуджаны штраф у памеры восем базавых велічынь”, – такія “святочныя віншаванні” атрымалі напярэдадні Новага года, напрыклад, Ірына Данілоўская і Алесь Кіркевіч. Дарэчы, Алесь Кіркевіч быў пакараны за тое, што “слухаў выступоўцаў, якія негатыўна выказваліся пра ўладу”.
Заўважце, сам нічога не гаварыў, а толькі слухаў – і ўжо аднаго гэтага аказалася дастаткова. Ну, як тут не ўспомніць глуханямога, які “выкрыкваў” антыўрадавыя лозунгі? Такім чынам, Свіслацкі суд паспяхова рэаніміраваў практыку сталінскіх часоў, калі так званае “Особое совещание” толькі так і працавала, без удзелу адвакатаў, пракурораў і самога абвінавачанага. У стандартным бланку з загадзя надрукаваным тэкстам – “слухалі, пастанавілі” – толькі ўпісвалі колькасць гадоў зняволення альбо нават расстрэл.
Аднак, нават у сталінскія часы, калі справу разглядаў суд, абвінавачаны на яго паседжанні абавязкова прысутнічаў. У нашым выпадку юрыдычная спадчына мінулага стагоддзя ў Свіслацкім судзе творча дапрацавана.
На гэтым вынаходніцтвы суда не сканчаюцца. Гарадзенец Валеры Кісель атрымаў позву ў суд СМС- кай! Справа тут яшчэ ў тым, што спадар Кісель, якога згодна з пратаколам абвінавачваюць ва ўдзеле ў “несанкцыяваным мерапрыемстве, якое парушыла ўсталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў”, на самой справе знаходзіўся тады за сотні кіламетраў ад месца правядзення мерапрыемства.
Старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў патлумачыў:
“Позва на судовае паседжанне па СМС выглядае, як нейкі здзек ці не вельмі ўдалы жарт. Яна павінна быць уручана належным чынам. Інакш – гэта прамое парушэнне закона”.
На здымку – перавернуты дагары нагамі дзяржаўны сцяг на будынку суда ў Свіслачы. Здымак аўтаркі