“Амерыка перажывае крызіс!”

Зранку падыходжу да занесенай снегам кавярні ў парку Жылібера. Звонку праз шкло назіраю, як з-за стала падымаецца высокая фігура ў мехавой шапцы ды рухаецца да выйсця насустрач мне: “Старик!..”

 

Развітваючыся ўлетку, я думаў, што больш не пабачу былога матроса, які ўжо 20 год працуе ў Штатах, аднак… На стале чакае кубачак эспрэса ды пачак фотаздымкаў з чарговага падарожжа. Гэтым разам зусім непрацяглага – пару месяцаў.

 

“Тоні” (так Анатоля называюць за акіянам) пачынае аповед:

 

Ну вось, глядзі – гэта мой шэф Вілі, сячэм дровы з ім – вялікія пні, таму ён сам дапамагае кувалдай. Змучыўся пасля дык падагнаў машыну адмысловую: працаваць небяспечна на ёй, таму тарыф – 19 даляраў за гадзіну.

 

Сам Вілі – дробны прадпрымальнік. Немец па паходжанні, а жонку мае польку, сын – Джуліан. Жывуць у штаце Нью Джэрсі. Гэтым годам яны перайшлі з газу на дровы – так танней.

Анатоль і яго шэф Вілі у час працы

 

За ацяпленне газам невялічкага двухпавярховага дамка за месяц набягае 270 даляраў. З улікам габарытаў асабняка Віллі ў яго атрымліваецца даляраў 500… Трэба ашчаджаць! З працай там таксама цяжка…

Машына для рубкі дроваў


Таму ты і ад’ехаў?

 

Так, быў толькі з ліпеня па верасень. Жыў у Хэмбугру – невялікае мястэчка ў Нью Джэрсі. Мяжы паміж мястэчкамі няма – цягнуцца сабе ўздоўж дарогі, як часам вёскі ў Беларусі. Вілі жыве ў мястэчку Пайнрок (калі перакладаць – “елка на скале”). Ён не сквапны нават па сённяшніх часах – таму спадабаўся мне.


Крызіс?!..

 

Так. Гэта горад Фрэнклін – “гараж-сэйл” альбо барахолка. Звычайна падобнае ладзіцца пры пераездах ды адразу з гаражоў. Тут жа яны самі ўсё выцягнулі на ўскрай дарогі. Ім грошы патрэбныя, а не месца разгрузіць. Кніжкі, тэхніка самая розная, посуд, прылады для барбекю… Напрыклад, парфюм можа каштаваць у краме 20 даляраў, а тут – 1-2 даляры.

Гараж-сэйл або “барахолка” па-амерыканску

 

Узяў сабе там футляр для тэлефона ды кава-машыну фірмовую за 5 даляраў – новую, у картоннай скрыні (у краме – каля 60 такая ж), з сабой прывез. І што ты думаеш? Яна на 110 вольт аказалася ды з плоскім відэльцам, халера!..


А гэта – лядоўня твая?

 

Не, пара паліцаў шафы, якую далі ўладальнікі дома, дзе я жыў. Кава распушчальная Taster’s Choice, 500 г – 11 даляраў. Пачка печыва Nestle – 6 даляраў. Фунт рыжу (450 г) – 5 даляраў. Сумесь перцаў, 200 г – 5 даляраў. Фунт лушчанага гарошку – 4 даляры. Макароны Ronzoni – 1,5 даляра за пачак, кілаграм тут хіба. Вось бульён разліты ў кансервныя банкі – 1,19 за порцыю. Цукар – 1,50 за фунт.

 

Філе ялавічыны – 4,99 за фунт. Мяса за апошні год там падаражэла ў 2 разы… Супавыя наборы я раней браў па 1,29, зараз ужо па 3,29, разумееш? Часам мяса рыбай пахне альбо пры варцы карычневая пена ідзе – здараецца і такое.

 

Самая дарагая гарэлка там – “Столичная”, яны кажуць “Стол”, бо не могуць цалкам вымавіць назвы, 22 даляры 0,7 літра. Мой першы бос быў алкаголікам – піў балгарскую “Popov” (танная: 16 даляраў за 2 літры) няспынна… Можна і піва “Балтика” знайсці на Брайтане – 3 літры за 9,99 – стандартны іх кошт. Улюбёнае піва амерыканцаў – Budweiser (самае таннае) ды Miller. Шмат каліфарнійскіх ды чылійскіх він… Годзе, асобная размова.


Самі амерыканцы прызнаюць крызіс?

 

З замежнікам, ясна, яны аб гэтым размаўляць не будуць. Пра дрэннае наогул размаўляць не хочацца… Але глядзі: раней, напрыклад, у 18 год дзеці ў іх ад’язжалі ад бацькоў – цяпер разам жывуць. Бо так танней. Бывае нават, што моладзь прадае дамы ды вяртаецца да бацькоў!

 

Эканоміка Штатаў ужо ніколі не будзе такой, як была. Я не прарок, але гэта мае меркаванні. Ад Клінтана такая тэндэнцыя пачалася – ён дазволіў вывозіць капітал за мяжу, будаваць фабрыкі ў Кітаі ды зачыняць у Амерыцы…


А гэта што за фота?

 

Тут я з кошыкам пад бялізну. Смецце там збіраецца ў адмысловыя кантэйнеры ды прэсуецца. Нехта паставіў гэты кошык побач, каб не псаваць. Добры кошык, узяў бы… ды ад’язжаць падыходзіў час. Пастаяў-пастаяў каля яго ды пайшоў.

Гадзіны праз дзве іду, гляджу: цётка па суседству ўжо гэты кошык мые! Добра я, галадранец, а яна – заможная карэнная амерыканка, жыве адна ў двухпавярховым доме… “Што робіце?” – цікаўлюся. “Вось, вырашыла памыць, парадак наводжу…” – не прызнаецца! А я ж бачыў скуль ён. Мне смешна, думаю, хоць фота сабе зраблю на памяць з кошыкам.

 

Ну не было такога раней: не было! Гэта ж капец…


Паедзеш яшчэ туды?

 

Так. Пенсію атрымліваць. Я ж грамадзянін Расіі ды ЗША (Беларусь мне ў пачатку 90-х у грамадзянстве адмовіла). Там можна выбіраць узрост, у якім ідзеш на пенсію: можна ў 67, а можна і ў 62 – вось праз два гадочкі трэба будзе афармляць… А на заробкі не паеду больш.

На працы – барбекю пад стыль дома (летняя сядзіба заможнага ўрача)

 

Кожны чалавек мае права на погляд, тым больш, калі ён у тэме апошнія 20 год. Мы ўжо самі абіраем да каго прыслухоўвацца. А вось ці ўсядзіць Анатоль у Беларусі, чакаючы пенсіі 2 гады, не ведаю. Не верыцца мне, чамусьці…