У Гродне пройдзе міжнародны фестываль кароткаметражных фільмаў
Фестываль-кінааперацыя ладзіцца Мінскім кінаклубам пры падтрымцы РУП “Белвідэацэнтр” другі год запар. У Гродне арганізацыю фестываля ўзялі на сабе аматары некамерцыйнага кіно.
Пасля першага фестываля гродзенцы прывезлі для паказу 7 лепшых стужак, якія занялі прызавыя месцы. На прагляд і выступ рэжысёра Аляксея De Bronhe, арганізаваны ў “Салодкім пачастунку”, тады прышло каля 70 чалавек.
Юлія Каляда, адна з арганізатараў:
– Гэта дало нам пасыл, што гарадзенцам вельмі цікавы такі фармат кіно: кароткаметражнае, аматарскае, некамерцыйнае, аўтарскае.
Таму ў гэтым годзе мы вырашылі правесці паказы большай часцы конкурснай праграмы, яны пройдуць у “Чырвонай зорцы”, і некалькі тэматычных паказаў.Сярод тэм – экалагічная, гендэрная, дзіцячая, фільмы беларускіх аўтараў і г.д.
Праект сацыяльны, таму ўсе паказы, акрамя конкурснага, будуць для гледачоў бясплатнымі.
“Cinema Perpetuum mobile” пройдзе ў Мінску і Гродне адначасова.
Сярод мноства дасланых фільмаў, мінскія арганізатары фестываля на перадпаказах адбралі каля пяці гадзін лепшых. Іх і прадставяць гледачам.
Пераможцаў вызначыць міжнароднае журы. Лаўрэяты стануць вядомымі ў апошні дзень фестываля.
Юлія Каляда:
– Мы ў Гродне думаем таксама арганізаваць невялікае галасаванне і падрыхтаваць для пераможцы прыз глядацкіх сімпатый.
Праграма фестываля “Cinema Perpetuum mobile” у Гродне будзе складзена да наступнага тыдня.