Гарадзенскі рэкорд – за фотаздымак у інтэрнэце – штраф 4,5 мільёны рублёў
У дзень сусветнай дэкларацыі правоў чалавека 10 снежня гарадзенскія праваабаронцы сфатаграфаваліся з партрэтамі зняволенага Алеся Бяляцкага і кніжачкамі з тэкстам дэкларацыі.
Пазней гарадзенскай міліцыяй гэты медыйны факт быў кваліфікаваны як “несанкцыянаваны пікет” – 18 снежня былі складзены пратаколы апытання, а 19 снежня актывісты былі азнаёмлены з пратаколамі пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне.
Усе тры справы былі аб’яднаныя ў адзін адміністрацыйны працэс, які вёў суддзя Віталь Ляцко.
Разгляд доўжыўся каля двух з паловай гадзін.
У судзе не было прадстаўлена аніякіх доказаў віны праваабаронцаў, не знойдзена ніякіх сведак, усё абвінавачанне грунтавалася выключна на рапартах і домыслах прадстаўнікоў.
У выніку суддзя Віталь Ляцко, не робячы перапынку ў паседжанні, абвясціў сваю пастанову – па 15 базавых велічыняў штрафу кожнаму.
У суме гэта складае 4,5 мільёны рублёў.
Грамадскія праваабаронцы перакананыя, што працэс меў выключна заказны палітычны характар і лічаць такі прысуд абсалютна неадэкватным юрыдычным рэаліям абсурднай адміністрацыйнай справы.