Цярэшку жаніць – галоўка баліць
Адной з такіх традыцый, якая мела з большага забаўляльны характар, быў абрад “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэта вяселле панарошку. Папулярнай гэтая гульня была ў нашых краях ажно да сярэдзіны мінулага стагоддзя, а да пачатку ХХ стагоддзя дык увогуле была абавязковым атрыбутам зімовых святак.
Зараз жа гэты абрад у калядныя дні можна ўбачыць, напрыклад, на Лепельшчыне, дзе гэтую традыцыю, на радасць турыстам ды не толькі, аднавілі і паспяхова бавяць час у беларускім стылі.
Просімся прыйсці ў вашу хаціначку, хочам зрабіць вечарыначку
Першапачатковай функцыяй гэтай гульні было бліжэй пазнаёміць паміж сабой нежанатую моладзь з розных вёсак і мястэчак. Потым сэнс крыху памяняўся – “Жаніцьба Цярэшкі” стала добрай нагодай, каб сабрацца моладзі недзе ў вялікай хаце ці карчме, што часцяком будаваліся па дарозе з аднаго мястэчка ў другое. Бавіць час, гуляючы ў “Жаніцьбу Цярэшкі” можна і зараз, аднак варта памятаць, што гульня гэтая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі.
З ліку мясцовай моладзі выбіраліся арганізатары: завадатар ці завадатарка ды “бацька з маткай”. Арганізатарам усяго гэтага бязладдзя быў хутчэй за ўсё гаспадар карчмы ці хаты.
Канешне, раней, калі песням, танцам ды розным абрадам вучылі з маленства, праблемы ўдзельнічаць у “Жаніцьбе Цярэшкі” не было. Усе прыходзілі падрыхтаваныя. Зараз жа, напэўна, трэба заранёў вывучыць словы песен ці хаця б даведацца, што і як будзе.
Перад пачаткам гульні ў складчыну рыхтавалі “вясельны стол” з выпіўкай ды закускамі.
Вечарына пачыналася звычайна – танцамі. Падчас іх вызначаліся першыя пары. Бывала так, што з якой дзяўчынай хлопец першы раз таньчыць, з той і будзе “жаніць Цярэшку”.
Калі ўсе натанчыліся, пачыналі выбіраць сватоў. Сярод галоўных дзеючых асобаў былі і “бацькі маладых” – хутчэй за ўсё гаспадары хаты ці нейкія старэйшыя людзі, лёгкія на пад’ём. Усё, як на сапраўдным вяселлі! Уласна гульня пачыналася менавіта ў гэты момант.
Тата, мама, хачу жаніцца!
Самы смелы хлопец браў сваю “нявесту” і вёў да “бацькоў”. Тут было два варыянты. Згодна дзяўчына ці не. Калі не – дык пачынаўся лямант, крыкі ды вырыванні. Сяброўкі адбівалі “нявесту”, астатнія, назіраючы за гэтым спектаклем, весяліліся.
А вось калі дзяўчына была не супраць “выйсці замуж”, то маладыя прамой хадой кіраваліся да кута, дзе іх чакалі названыя бацькі.
Тут адбываўся прыкладна такі дыялог:
– Тата, мама, хачу жаніцца!
– Жаніся, сынок, жаніся. Толькі ці ўмее твая дзеўка ткаці-праці, дзетак даглядаці?
Ну, хто ж будзе сваю нявесту выстаўляць у дрэнным святле?
– Умее.
Тут падключаліся музыкі ды моладзь, каб патанчыць вакол маладых. А ў гэты час бацькі прыглядаюцца да нявесты. Тут ёсць адна асаблівасць – яны па правілах павінны буць супраць. Абавязкова! Інакш не цікава. Абмяркоўваюць маладую яны гучна, каб усе чулі. І вышыванак яна не зробіць, і нічога не прыгатуе смачнага ды ўвогуле не такая добрая партыя для іх сына.
На што нявеста павінна была адказаць. Прыкладна так (у розных регіёнах былі розныя версіі):
Замуж выйсці не напасць,
Абы замужам не прапасць.
Не ўмею ні праці, ні ткаці.
Толькі ўмею вашага сына цалаваці
Ды грошыкі лічыць.
Калі захочаце мяне навучыці,
Усё навучуся рабіці,
Толькі замуж мяне вазьміце.
На што бацькі адказвалі:
Матрац не падушка,
Нявестка не дачушка.
Дзяўчына адказвала:
Каморка не хатка,
Свякроўка не матка.
І вось у гэты момант падключаўся будучы “муж”:
Дару зарплату тату,
Каб памог збудаваць хату,
А маме арэнбургскі пуховы платок,
Каб памагла гадаваць дачок.
Бацькі здаваліся і дазвалялі “шлюб”. Такая цырымонія праходзіла з кожнай парай, якая мела жаданне ўдзельнічаць у гульні. Лічылася, што чым больш пар “пажэніцца”, тым лепш бацькі выканалі свае абавязкі, а вечар лічыўся ўдалым.
Жадаем вам мех золата і торбу медзі,каб былі здаровыя як мядведзі
Не абыходзілася ў гэты вечар і без дадатковых забавак. Гралі, напрыклад у гульню, вядомую нам пад назвай “ручаёк”. Усе становяцца ў шэраг па парах. З аднаго боку – дзяўчаты, з другога – юнакі.
Першая пара пачынае увесь працэс. Дзяўчына ўцякае, а хлопец – даганяе. Канешне, ён павінен яе злавіць. Злавіўшы – сам ўцякае. Калі ж дзяўчына злавіла – пара становіцца назад. І ўсё пачынаецца занава.
Пільна сачылі, каб у гэтую гульню гралі толькі “маладыя”.
Пасля гульняў і танцаў садзіліся за стол. Кожнай пары “бацькі” жадалі сямейнага шчасця, дзетак паболей. Гэткая рэпетыцыя сапраўднага вяселля. Ды і за сталом маладыя людзі паводзілі сабе, як быццам бы сапраўды нядаўна ажаніліся.
Падымаліся тосты за тыя пары, якія ў гэты вечар адыгравалі ролю “маладых”. Канешне, былі і сімвалічныя падарункі, жартоўныя віншаванні бацькоў ды крыкі “горка”. Пасля вечарыны дзяўчын наваяўленыя мужы праводзілі дахаты.
На такіх вечарынах панавалі дастаткова разняволенныя жарты, а “жаніцьба Цярэшкі” часцяком сканчалася абдымкамі ды пацалункамі. Часцяком пасля такіх пасядзелак ствараліся пары, якія праз нейкі час гулялі ўжо сапраўднае вяселле.
Здымкі vitebsk4.me, news.vitebsk.cc