Кінафестываль “Cinema Perpetuum Mobile” у Гродне пачнецца з прагляду для моладзі
Адкрыецца фестываль у Гродне 13 студзеня паказам у Кальяннай №4 (вул.Карла Маркса) моладзевай праграмы.
Арганізатары падрыхтавалі карціны спецыяльна для тых, хто пакуль малады і энергічны.
Пачатак у 13 гадзін.
У 17 гадзін у памяшканні грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар” (вул.Будзёнага 48а – 63) адбудзецца пазаконкурсны паказ гендэрнага кіно.
Гэта будуць рэжысёрскія гісторыі пра тое, як жанчыны застаюцца жанчынамі ў розных складаных, камічных і трагічных сітуацыях.
Арганізатары назвалі гэтую секцыю “Жаночая роля”.
14 студзеня пазаконкурсная праграма дакументальных фільмаў пройдзе зноў у Кальяннай №4 у 19 гадзін.
Дакументальная праграма Cinema Perpetuum Mobile дапаможа стаць бліжэй да беларускай, украінскай, польскай і інтэрнацыянальнай рэчаіснасці.
15 студзеня будзе прысвечана пазаконкурснай анімацыйнай праграме.
Кароткаметражныя фільмы пра зомбі, Франкенштэйна, чарапах, белку і васьмінога, праблемы экалогіі і сэнс жыцця. Палова з іх увайшла і ў конкурсную прагарму, а значыць ужо атрымала высокую адзнаку гледачоў.
Паказ у Кальяннай №4 пачнецца ў 18 гадзін.
16 студзеня пройдзе пад знакам экалагічнага кіно.
На біяфаку ГрДУ імя Янкі Купалы (вул.Даватара, 3/1, ауд.114) паказ пазаконкурснай праграмы пачнецца ў 11.30.
У гэты ж дзень у кінатэатры “Чырвоная Зорка” пачнецца конкурсная праграма Cinema Perpetuum Mobile.
Госць вечара – рэжысёр Арцём Лобач. Пачатак прагляду – 19.00.
Адбор фільмаў для конкурснай праграмы рабілі кінаманы, якія наведвалі перадпрагляды, што па выходных ладзіліся цягам месяца. Перадпрагляды (па 10 гадзін у дзень) наведалі 83 гледача, якія з 328 заяўленых адабралі 25. Іх вы і ўбачыце падчас конкурсных паказаў, да таго ж , большасць іх увайшла ў пазаконкурсныя тэматычныя праграмы.
У часе прагляду кожны з гледачоў атрымае магчымасць прагаласаваць за адзін фільм. Фільм-пераможца атрымае дыплом і сімвалічны прыз з Гродна.
17 студзеня пазаконкурсная праграма кінафестываля ў Гродне будзе прысвечаная беларускім фільмам.
Ад удзельнікаў з Беларусі на Cinema Perpetuum Mobile было пададзена 75 заявак. У пазаконкурснай праграме можна будзе ўбачыць і анімацыю, і дакументальныя, і мастацкія фільмы, паўнаметражную драму і містыку са спецэфектамі.
Прагляд адбудзецца ў Кальяннай №4 у 18 гадзін.
Гендэрная пазаконкурсная праграма “Залаты век, 55+” запрашае на прагляд у апошні дзень фестываля, 19 студзеня, у памяшканні ГА “Цэнтр “Трэці сектар” у 14 гадзін.
Завершыцца фестываль Cinema Perpetuum Mobile паказам другой часткі моладзевай праграмы ў Кальяннай №4 у 13 гадзін.
Юлія Каляда, гарадзенскі каардынатар Cinema Perpetuum Mobile:
“Да ўдзелу ў конкурсе трапілі лепшыя 25 фільмаў, якія былі абраны “глядацкім жюры” на перадпраглядах у Мінску, гэта каля 5 гадзін. У Мінску іх пакажуць усе, у Гродне – лепшыя 14 (2 гадзіны), па меркаванні арганізатараў.
Справа ў тым, што фестываль некамерцыйны і мы не маем магчымасці плаціць за арэнду кінатэатрам. А вялікія бясплатныя залі ў Гродне знайсці складана. Таму вельмі ўдзячныя “Чырвонай Зорцы”, што яны далі нам магчымасць зрабіць паказ фільмаў у рамках кінаклуба “Ракурс”.
Пазаконкурсная праграма, якая прапануецца гарадзенцам, была таксама абрана і прапанавана нам арганізатарамі з Мінску. Яна складаецца з фільмаў, якія аўтары заявілі на фестываль, але яны не прайшлі ў асноўную конкурсную праграму.
Выключна для Гродна робіцца паказ экалагічных фільмаў і фільмаў, цікавых для сталых людзей.
Усе прагляды ў межах Cinema Perpetuum Mobile у Гродне бясплатныя і адкрытыя для ўсіх. У праграме магчымыя змены, пра якія мы пастараемся па-магчымасці паведаміць”.
Здымак artaktivist.org