Алесь Госцеў: “Мы былі самі сабе цэнзарамі”
Унікальны даведнік “Кронан. Летапіс горада на Нёмане (1116-1990)” сёлета адзначае свой 20-гадовы юбілей. Мы вырашылі паразмаўляць непасрэдна з ягоным бацькам-укладальнікам краязнаўцам Алесем Госцевым.
Дык калі ж дакладна юбілей выдання?
Кніга актыўна рыхтавалася пачынаючы з 1990-га, – таму менавіта гэтым годам сканчаецца храналагічная частка даведніка. На тытуле сапраўды пазначаны 1993 год (тады кнігу перапляталі), але афіцыйная прэзентацыя прайшла вясной 1994 года, таму і выхад кніжкі можам адзначаць некалькі разоў (смяецца).
Як паўстала ідэя “Кронана”?
Недзе на пачатку 1970-ых я, фізік па адукацыі, захапіўся краязнаўствам. Тады ж пачаў рабіць картатэку: збіраў звесткі, імёны, даты.
У той жа час я пазнаёміўся з Аркадзем Падліпскім, калекцыянерам паштовак з Віцебска. Аднойчы ён прывёз у Гродна сціплую брашурку “Храналогія Віцебска”. Тады мне і “стрэльнула” упершыню…
У 1986 годзе быў утвораны клуб “Паходня”. На адным з паседжанняў абмяркоўвалася тэма папулярызацыі роднай гісторыі і па шляху дамоў праз парк Жылібера мне акурат прапанавалі падрыхтаваць нешта кшталту даведніка. Я паабяцаў падумаць.
Як да справы далучыўся Вячаслаў Вітальевіч Швед?
Неўзабаве я пачаў працаваць, раіўся шмат з кім, у тым ліку з Міхасём Ткачовым. Ужо пасля да мяне звярнуўся Вячаслаў Швед: прыйшоў адразу з матэрыялам, які адразу на трэць павялічваў мае напрацоўкі.
Прапанаваў узяць “проста так” ды аддзячыць недзе ў тэксце, але гэта было ўжо фактычна суаўтарства. Так на кніжцы з’явіліся два прозвішчы.
Вы тут пра пераплёт узгадвалі…
Так, пераплёт заняў некалькі месяцаў, бо кожны асобнік пераплятаўся ўручную (!) – “Handmade”. Друкавала прыватная фірма, а перапляталі ўжо ў невялічкай майстэрні па вуліцы Урублеўскага, каля Палаца “Юнацтва”.
Адной з першых пераплётчыц была Алена Сіневіч (зараз журналістка “ВГ” – аўт.), працавалі там і вучні беларускіх гуманітарных класаў. Арыгінальныя літары для вокладкі, дарэчы, выразаў мастак Алесь Сураў.
Як праходзіла прэзентацыя кніжкі?
У тэатры лялек 19 траўня 1994 года мы з Вячаславам Шведам сядзелі на сцэне, у зале было багата герояў нашай кнігі (смяецца). Напрыклад, Сямён Домаш, тады – старшыня аблвыканкама, які ў 2001 годзе балатаваўся на прэзідэнта.
Дарэчы, а колькі кніжка каштавала?
20 тысяч рублёў па-мойму, гэты прыкладна 1 даляр.
Як выбіралася мова кнігі?
Пытанне мовы стаяла перад намі, бо акурат ішла беларусізацыя поўным ходам. Але стаяла і пытанне часу – кніжка ад пачатку рабілася па-расейску…
Мы аформілі даведнік у нацыянальным стылі. Прадмову, іменны паказчык у канцы, першы тытульны ліст зрабілі па-беларуску. Таму кніжка ў пэўным сэнсе дзвюхмоўная.
Ці існавалі нейкія цэнзарскія нажніцы?
Абсалютна ніякіх. Мы былі самі сабе цэнзарамі…
Ці ёсць ідэя перавыдання кнігі?
Яшчэ ў прадмове мы адзначалі, што нібыта хутка выйдзе “Кронан” на польскай, нямецкай, ангельскай мовах. Зараз мы маем амаль гатовы дапоўнены варыянт “Кронана” на беларускай мове. Але на сённяшні дзень я лічу, што мы ўсё ж такі не гатовыя.
Ці можна назваць знакаміты падручнік “Гродназнаўства”, суаўтарамі якога вы з Вячаславам Вітальевічам з’яўляецеся, сынам альбо ўнукам “Кронана”?
Досыць нечаканае пытанне… Аб нейкай пераемнасці, думаю, можна казаць. Мне асабіста прыемна, што я маю дачыненне да абодвух гэтых кніжак.
Я лічу што “Гродназнаўства” – гэта наўпрост працяг жыцця. А ўжо наколькі дзеці ідуць па стапах бацькоў – гэта ж таксама пытанне (смяецца).
Фота Яна Лялевіча