З пачатку года ахвярамі неасцярожнага палення на Гарадзеншчыне сталі 6 чалавек
Большасць ахвяр – пенсіянеры.
Тры смерці здарыліся ў ноч з 8 на 9 студзеня.
Яшчэ тры – з 11 да 13 студзеня.
У вёсцы Касцевічы Зэльвенскага раёна загінулага 70-гадовага гаспадара дома знайшла паштальёнка, якая прынесла яму пенсію.
Дзверы былі не зачыненыя, а стары ляжаў на падлозе.
На ложку паштальёнка ўбачыла сатлелую коўдру, побач – пачак цыгарэт і поўная бычкоў папяльнічка.
Хуткая дапамога канстатавала смерць пенсіянера. Папярэдняя прычына – атручванне прадуктамі гарэння.
13 студзеня смаргонскія выратавальнікі гасілі полымя ў доме па вуліцы Савецкай.
На ложку знайшлі цела 60-гадовага гаспадара. Мужчына жыў адзін, напярэдадні прымаў гасцей. Калі госці сышлі, хутчэй за ўсё запаліў і заснуў.
Праз некалькі гадзін па аналагічным сцэнары падзеі развіваліся ў Жалудку.
І ў гэтым выпадку загінуў 60-гадовы пенсіянер-гаспадар. Ён таксама любіў выпіць, а да пажару прывяло неасцярожнае паленне.
Здымак http://news.city.zt.ua