У Гродне створаць віртуальны музей Максіма Багдановіча

|

На стварэнне віртуальнага музея пойдзе 2 гады часу і 90 тысяч еўра. Партнёрамі Гродзенскага дома-музея Максіма Багдановіча сталі Латгальскі культурна-гістарычны музей і Кедайнянскі краязнаўчы музей.

 

Мэта праекта – зрабіць дасягальнай для грамадства ўнікальную спадчыну музейных установаў праз стварэнне віртуальнага музея і павысіць культурную адукацыю насельніцтва.

 

10-11 студзеня ўсе ўдзельнікі праекта сабраліся ў Латгальскім культурна-гістарычным музеі ў Рэзекнэ. У часе канферэнцыі яны абмеркавалі будучыя культурныя і адукацыйныя мерапрыемствы, першыя з якіх пройдуць у чэрвені ў Гродне.

 

Па сканчэнні праекта, віртуальныя галерэі музейных фондаў будуць даступныя ў інтэрнэце. Сярод доўгатэрміновых мэтаў – стварэнне адзінай базы звестак на спецыяльным сайце для гістарычна звязаных краёў у  Літве, Беларусі, Расіі і Польшчы.

 

У выніку рэалізацыі беларускай часткі праекта, пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Максіма Багдановіча можна будзе не выходзячы з дому, акрамя таго прадставіцца магчымасць здзейсніць віртуальную прагулку па музеях-партнёрах.

 

Колькасць калекцый, да якіх можна атрымаць доступ з сайта гродзенскага музея Максіма Багдановіча, у перспектыве павялічыцца.

 

 

Музей Максіма Багдановіча з’явіўся ў Гродне ў 1986 годзе як літаратурны аддзел Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Сёння плошча экспазіцыі складае 150 кв.м.,  у фондах каля 13700 адзінак захоўвання.

 

 

Паводле http://belta.by, http://www.newspb.ru

Здымак http://varandej.livejournal.com