Паркур – стыль іх жыцця…
Побач з мікрараёнам «Вішнявец» упадабала сабе месца «паркурная пяцёрка».
– Прывітанне! Раскажыце пра свой гурт!
– Нас – пяць чалавек. Мы не выкарыстоўваем звычайных імёнаў, замест іх маем псеўданімы – Лунацік, Камікадзэ, Мухамед, Праграміст і Антоніа. А гурт мы назвалі «Маці», па першых літарах нашых паўсядзённых нікаў. Група стварылася, калі было чатыры чалавекі, Мухамед – новенькі. І пакуль ён не пройдзе іспыт, мы не збіраемся змяняць назву групы.
– А ў вас, што, ёсць яшчэ і іспыты?!
– Хутчэй, сваеасаблівы рытуал прысвячэння, каб мы былі ўпэўненыя, што не трэба будзе сачыць за новенькім і выклікаць хуткую дапамогу.
– Бываюць траўмы?
– Былі. Антоніа няўдала зрабіў элемент і ў выніку – зламаная рука. Але я думаю, яму яшчэ пашанцавала: калі б вышыня была большай, то адным пераломам не абыйшлося б.
– Чым для вас з’яўляецца паркур? Гэта проста цікавы від спорту, або …
– Паркур не проста від спорту, гэта – стыль жыцця. Калі мы на трэніроўцы, мы не проста самі вучым новыя элементы. Мы дасканала паказваем малышні асновы. Я памятаю, калі ў дзяцінстве мы лазілі па дахах гаражоў, кожны дзень паказвалі малым, як лазіць і скакаць. Для гэтага арганізавалі страхоўку – калі малы скакаў, заўсёды дзяжурылі два чалавекі, адзін на страсе другі – на зямлі. Аднойчы адзін пачатковец вырашыў паказаць сваю « крутасць» і скокнуў без страхоўкі. Вынік быў жаласны – ён стукнуўся галавой аб вялікую бетонную пліту. Таму і патрэбна з першых крокаў памятаць пра бяспеку, каб атрымліваць поўнае задавальненне ад хуткасці і скокаў.
– Якім элементам вы аддаеце перавагу?
– Мы імкнемся вывучаць элементы хуткага знікнення. Мы засяроджваемся не на відовішчнасці, а на быстрыні пераадолення перашкодаў.
– А як даўно вы займаецеся?
– Хутка будзе два гады. Але, як я казаў, мы з самога дзяцінства займаліся падобнымі штукамі. Дарэчы, паркурам займацца вельмі цяжка, асабліва без настаўніка. Даводзіцца ўвесь час самім прыдумляць элементы, і ў гэтым нам дапамагае Інтэрнэт.
– Якія навыкі вы набываеце падчас трэніровак?
– Сапраўды?.. Мы добра ўжо вывучылі на практыцы методыку аказання першай дапамогі. Паркур – траўматычны від спорту.
Святас Ляўчук