Беларуская чыгунка ўводзіць новыя правілы

|

Квіткі на цягнікі з ненумараванымі месцамі (былыя электрычкі і дызелі) цяпер дзейнічаюць толькі да 2 гадзін наступных сутак пасля пазначанай даты паездкі.

 

Толькі ў гэты тэрмін можна праехаць туды і ў адваротны бок па пазначаным у квітку маршруце. Раней квіток на адваротную паездку дзейнічаў цягам двух сутак. Гэтым з задавальненнем карысталіся ашчадныя дачнікі: некаторыя пры адсутнасці кантралёраў паспявалі скарыстацца адваротным квітком двойчы.

 

Падаражэлі месячныя абанементныя квіткі “на прад’яўляльніка” і “імянны ільготны”. Цяпер кошты разлічваюцца зыходзячы з 18 паездак “туды” і 18 – “назад” (раней – па 17 паездак для квітка “на прад’яўляльніка” і 8 паездак – для “імяннога ільготнага”).

 

Даражэюць і месячныя абанементныя квіткі “выходнага дня”.

 

Квіткі на цягнікі гарадскіх ліній цяпер можна набыць толькі ў касах, размешчаных па маршруце цягніка. Для гэтага віду цягнікоў уведзеныя новыя віды праяздных: абанемент на дэкаду, месяц, 2 месяцы, на тэрмін да 1 года.

 

Іх уладальнік мае права выкарыстоўваць абанемент і ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа ў межах пазначанага тарыфнага пояса.

 

Беларуская чыгунка больш не робіць зніжкі для бацькоў з дзецьмі і арганізаваных груп навучэнцаў (раней яны дзейнічалі ў перыяд з 1 кастрычніка да 30 красавіка). Гэта тлумачыцца стратнасцю перавозак пасажыраў па тэрыторыі Беларусі.

 

Паводле новых правіл, забараняецца паліць ва ўсіх цягніках акрамя міжнародных.

 

Паводле rw.by

Здымак gs.by