Пакінула грошы дома і абвінаваціла студэнта ў крадзяжы

|

55-гадовая жыхарка Краснагорска, якая прыбыла ў Гродна на цягніку Масква-Гродна заявіла пра знікненне 40 тысяч расійскіх рублёў.

У крадзяжы яна падазравала студэнта, які ехаў з ёй у адным купэ і выйшаў таксама ў Гродне.

Следча-аператыўная група ўзялася за працу. Апыталі праваднікоў, знялі запісы з камер відэаназірання і атрымалі фотаздымак падазраванага. Усе апытаныя казалі пра хлапца выключна добрае: алкаголю не ўжываў, па вагоне не хадзіў, чытаў кнігу, нікуды не спяшаўся.

 

Паводле начальніка аддзела Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Андрэя Матэвіча, папрацаваць давялося шмат.

Нарэшце знайшлі падазраванага ў Скідзелі.

Студэнт сцвярджаў, што не вінаваты.

Тады следчы зноў паразмаўляў з пацярпелай.

 

Жанчына сцвярджала, што ў цягнік села з грашыма, а выйшла ўжо без іх.

Пазьней яна ўсё ж перазваніла мужу, які паведаміў, што грошы так і засталіся ляжаць на стале: пасажырка забылася іх узяць у дарогу.

 

 

Быў выпадак, калі жанчына прыйшла ў міліцыю з заявай аб крадзяжы 100 даляраў.

Грошы знайшоў супрацоўнік міліцыі ў партманэ самой пацярпелай.

 

Нецвярозы малады чалавек заявіў, што, калі задрамаў на лаве, у яго скралі фотаапарат.

Пазьней фотаапарат знайшоўся ў пакоі адпачынку, дзе спыніўся заяўнік.

 

Аднойчы ў пасажыра, які ехаў у Гродна з Лунінца, знік багаж.

Рэчы мужчына паставіў пад ніжнюю паліцу, а сам спаў на верхняй.

На ніжняе месца сеў мужчына, якога жонка праважала ў Ліду. Той ехаў з вяселля нападпітку і жанчына  не дала яму з сабой нічога акрамя квітка.

 

Калі цягнік прыбыў у Ліду, заспаны пасажыр па інэрцыі забраў рэчы з рундука і выйшаў з вагона.

 

Уласнік багажа заўважыў знікненне толькі ў Гродне і адразу заявіў пра крадзёж.

Распачалі крымінальную справу.

Пакуль шукалі падазраванага, той сам знайшоў пацярпелага і, з прабачэннямі, прывез зніклыя рэчы суседу па купэ.

У той жа дзень справу закрылі.

 

Удзельнікаў гэтых гісторый да адказнасці не прыцягвалі.

Але міліцыя заклікае грамадзян быць больш пільнымі, каб следчыя маглі накіраваць сваю энергію на раскрыццё сапраўдных злачынцаў.

 

Паводле http://grodnonews.by

Здымак http://finance.bigmir.net