Падарожжа ў заснежаныя Друскенікі

| Без катэгорыі

Пытаюся ў яго, якая розніца паміж беларускім і літоўскім пенсіянерам. Аказваецца, у памеры пенсіі розніца невялікая.

 

“Яна ў мяне зараз прыкладна 600–650 літаў, – кажа Юры. – Гэта каля двух міл’ёнаў. Мая жонка ў Беларусі атрымлівае прыкладна столькі ж. Добра, што я яшчэ маю запас з маіх летніх падпрацовак.

 

А тыя пенсіянеры, што жывуць у Літве, мяняюць свае двухпакаёвыя кватэры і перасяляюцца жыць у аднапакаёўкі, каб плаціць меньш, бо за два пакоі выходзіць амаль 500 літаў. А трэба яшчэ і есці…”

 

Цікаўлюся далей пра крамы ў Друскеніках: дзе і што народ набывае? Адказ не з арыгінальных. Асноўныя крамы гэта вядомая ўсім MAXIMA, якіх зараз пабудавалі ў маленькім горадзе ўжо 4, IKI, ды крама, як кажуць, танных тавараў NORFA з нарвежскім капіталам.

 

“Асноўны наплыў тут быў у навагоднія святы, можна сказаць да 12 студзеня. І асноўныя турысты былі расейцы і беларусы”, – працягвае Юры.

 

Насамрэч, на выездзе з горада большаць нумароў расейскія з рэгіёнамі на нумарах 78 альбо 197. Альбо беларускія нумары. Беларусы прыязджаюць адпачываць у мясцовы аквацэнтр. Мае сябры таксама там адпачываюць – выходзіць 100 даляраў на дваіх за аквацэнтр на суткі разам з гатэлем і харчаваннем.

Будынак аквапарка нагадвае хутчэй тэатр

 

Пасля невялічкага паходу па крамах, Юры завёў мяне на рынак, дзе мы набылі трошкі мяса і смачных літоўскіх паляўнічых каўбасак. Кошты на свініну на рынку ад 8 на 13 літаў, гэта ад 30 да 50 тысяч беларускіх рублёў. Каўбаскі з разліку 16 літаў за кілаграм. У IKI набыў сабе копчанага ляшча па 14 літаў за кіло.

 

“Мясцовыя жыхары збольшага набываюць сабе прадукты харчавання на мясцовым рынку, – тлумачыць Юры. – Тут можна і пагандлявацца і, як кажуць, стаць пастаянным кліентам ды атрымаць зніжку на прадукты”.

 

Юру тут пазнаюць. Амаль да кожнай прадавачкі ён знаходзіць падыход і размаўляе з імі як чалавек, што тут бывае амаль штодня.

 

Чым яшчэ мяне прывабілі зімовыя Друскенікі, дык гэта драўлянымі крыжамі, што стаяць на ўездзе ў горад – гэта сапраўдныя творы мастацтва, якія могуць упрыгожыць кожны горад Беларусі.

 

У Forto Dvaras можна пакаштаваць 12 розных відаў цэпэлінаў

 

Што яшчэ мяне напаткала ў гэтым горадзе? А вы бачылі кавярню, дзе можна пакаштаваць 12 відаў розных цэпелінаў? У Друскеніках такая ёсць і мае простую назву “Літоўскія стравы”. Тут мы былі амаль адзінымі наведвальнікамі. Апроч нас была кампанія італьянцаў, што таксама адпачывалі ў памежным літоўскім горадзе.

 

У “Topo centras”, адразу ля кавярні, набылі сабе невялікі, памерам у 85 см тэлевізар SHARP  за 800 літаў. Літоўскае Tax free адрозніваецца ад польскага тым, што адразу на выездзе з дзяржавы можна атрымаць грошы, што мы і зрабілі атрымаўшы назад 100 літаў.

 

Па дарозе назад мы дзівіліся прыгажосцям лясной дарогі, а ў Duty free набылі сабе невялікіх прысмакаў.

 

Здымкі аўтара і з архіву “Твайго стылю”