На спаборніцтвах па лоўлі шчупака жанчына абыйшла амаль усіх мужчын

| Без катэгорыі

Возера сустрэла ўдзельнікаў марозным і снежным надвор’ем. Але гэта не адпуджвала сапраўдных аматараў рыбнай лоўлі, якія жыва абмяркоўвалі спаборніцтвы, што меліся адбыцца.

 

Арганізатары з “Гродзенскага рыбалоўнага клуба” зарэгістравалі ўсіх ахвотных і пазнаёмілі ўдзельнікаў з правіламі правядзення спаборніцтваў. Старт быў прызначаны на 8.30 раніцы, і рыбакі выйшлі на лёд яшчэ ў поўнай цемры.

 

 

Адразу ж пасля світання ўдалося злавіць першых шчупакоў. Аднаго з іх злавіла рыбачка са стажам Таццяна Місіюк (на здымку). Гэта дазволіла ёй заняць другое месца. Аказалася, што рыбалкай яна захапляецца з дзяцінства. Сярод яе трафеяў ёсць шчупак вагой больш за тры з паловай кілаграмы.

 

Першым жа стаў Лучыц А.П. з Парэчча (на здымку трэці злева) з сумарным вынікам 3 кілаграмы 470 грамаў. Ён, дарэчы, стаў і пераможцам у намінацыі “Самая вялікая рыба” – адна з яго драпежнiц важыла 1,32 кг.

 

“Нежартоўная” барацьба разгарнулася за трэцяе месца. З перавагай крыху больш чым у 10 грамаў (!) тройку прызёраў замкнуў Бурда А.Н.

 

 

Як распавёў адзін з удзельнікаў, барацьба за перамогу была не галоўнай. Спаборніцтвы аб’ядналі рыбакоў з Гродна, Ваўкавыска, Скідзеля, Ліды і іншых гарадоў вобласці, далі магчымасць правесці час на прыродзе і паразмаўляць.

 

На лёдзе побач з татам была і маленькая дзяўчынка, якая вельмі цешылася злоўленай рыбе. Па словах бацькі, дачка з задавальненнем складае яму кампанію як на летняй рыбалцы так і зімой.

 

Па заканчэнні спаборніцтваў арганізатары падвялі вынікі і ўручылі памятныя прызы, а кожны ахвотны мог пачаставацца толькі што прыгатаванай юшкай.

 

Падарункі для пераможцаў спаборніцтваў далі гарадзенскія рыбалоўныя крамы – “Мордашка”, “Рогатка”, “Рыболовный магазин”, за што арганізатары выказваюць ім шчыркую падзяку.

 

Здымкі аўтара