Мінпрыроды забараніла рыбную лоўлю на ўчастку Нёмана каля Гродзенскай ГЭС

|

Рашэнне Міністэрства – рэакцыя на ініцыятыву знізу.

З-за адсутнасці на новай ГЭС рыбаходу для міграцыі рыбы, рыба застаецца каля дамбы. Гэтым адразу пачалі карыстацца рыбакі-аматары і асабліва браканьеры, якія выцягвалі па некалькі дзесяткаў кілаграмаў рыбы за раз.

Увядзенне забароны на рыбную лоўлю на праблемным участку дасць магчымасць рыбе не трапіць у пастку, а вярнуцца туды, адкуль яна прыйшла.

 

Як распавёў “Твайму стылю” старшыня грамадскага аб’яднання “Гродзенскі рыбалоўны клуб” Вадзім Смалякоў, законапаслухмяныя аматары рыбнай лоўлі рашэнне Міністэрства вітаюць.

 

Вадзім Смалякоў:

– Мы выступалі за тое, каб увесці забарону на рыбную лоўлю ў гэтым месцы.

Гэта справа няпростая і вырашылася толькі на ўзроўні Міністэрства прыродных рэсурсаў.

У Міністэрства з прапановай звярталася абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету. Інспекцыя распрацоўвала план мерапрыемстваў, дзе прадугледжваўся ўдзел і сябраў нашага клуба.

 

Цягам месяца нашы грамадскія інспектары ўдзельнічалі ў рэйдах дапамагалі інспектарам выяўляць факты браканьерства. Адказным за гэты кірунак у клубе быў Юры Шурмін.

У інспекцыі вельмі маленькі штат супрацоўнікаў, таму ншая дапамога заўсёды патрэбная.

 

Паводле сабраных матэрыялаў інспекцыя прадставіла ў Міністэрства абгрунтаванне ўвядзення забароны рыбнай лоўлі.

 

Паміж зваротам у Міністэрства і прыняццем рашэння пра забарону рыбнай лоўлі ў раёне ГЭС прайшоў не адзін месяц.

Гродзенскія аматары рыбнай лоўлі разлічвалі, што забарона будзе поўная, але нават 7 месяцаў – гэта вялікі поспех.

 

Вадзім Смалякоў:

Гэта дасць магчымасць рыбе як мінімум спакойна аднерасціцца. Спадзяемся, што пагалоўе рыбы павялічыцца.

Летам-восенню будзем працягваць маніторыць сітуацыю і, калі спатрэбіцца, калі будзе абгрунтаванне, весці працу ў кірунку ўвядзення забароны рыбнай лоўлі ў раёне Гродзенскай ГЭС на ўвесь год.


Здымак http://fishing.lugansk.ua