“Каліноўскі – наш Джахар Дудаеў”

|

Роўна 150 год таму ў Варшаве быў зачытаны паўстанцкі маніфест, праз 10 дзён да Паўстання далучыўся і наш край. З гэтай нагоды гарадзенцы сабраліся 22 студзеня ў залі на Будзёнага 48а, каб адзначыць дату ды задаць пытанні гісторыкам.

Выступілі Алесь Радзюк, Алесь Краўцэвіч ды Алесь Смалянчук. Іх дапаўнялі выступоўцы з залі, якая была забітая дарэшты – крэслы давялося прыносіць з іншых кабінетаў.


“Гарадзенская Рэвалюцыйная Арганізацыя была адной з самых моцных ды разгалінаваных, – расказвае Алесь Радзюк, – яшчэ напярэдадні паўстання ў нашым горадзе білі вокны самым адыёзным настаўнікам гімназіі ды асвіствалі на вуліцах губернатара”.

 

Падчас свайго выступу Алесь Краўцэвіч зрабіў рэмарку адносна смеласці Каліноўскага ў апошнія моманты жыцця: “Нават перад шыбеніцай ён спрачаецца са сваімі катамі. Хто з сучасных палітыкаў змог бы так? Можа Раманчук?” У залі падняўся рогат. “А можа Зянон Станіслававіч?” – пачулася з задніх шэрагаў. Гэта быў хіба самы востры дыскусійны момант за ўвесь вечар – агулам панавала атмасфера аднадумства.

 

Алесь Радзюк, Аркадзь Жукоўскі, Уладзімір Хільмановіч

 

Цытату Уладзіміра Хільмановіча наконт таго, што “Каліноўскі – наш Джахар Дудаеў”, ніхто не аспрэчваў, а выступ пісьменніка Аркадзя Жукоўскага аб тым, што нам не трэба апраўдвацца за Каліноўскага перад нашымі ворагамі і ўступаць з імі ў дыскусію, сарваў апладысменты.

 

Алесь Краўцэвіч (на здымку) адмыслова для чытачоў “ТС” распавёў падрабязней аб сучаснай сітуацыі вакол асобы Каліноўскага ды наступе Расеі на Беларусь:


Ці павінны мы апраўдвацца перад тымі, хто зараз спрабуе “развянчаць міф” Каліноўскага?

 

Ні ў якім выпадку, хаця б таму, што нашу пазіцыю прадстаўляюць мэтры гістарычнай навукі, за намі народ, а тут шаўкі, якія брэшуць. Але “сабака брэша – караван ідзе”. Уступаючы з імі ў вялікую дыскусію, мы ім робім рэкламу.

 

Але калі падобнае робіцца на дзяржаўным узроўні, уводзіцца ў падручнікі – гэта трэба выкрываць, з гэтым трэба змагацца.


Адмоўнае стаўленне да Каліноўскага – пазіцыя ўлады альбо маргінальнай расейскай пятай калоны?

 

Тут ідзе працэс, якім не кіруе нават сам Лукашэнка. На плошчы культуры ды ідэалогіі ідзе працэс далучэння да Расеі. Гэта робіцца паслядоўна па бальшавіцкім прынцыпе, які, дарэчы, выкарыстоўваў і Мураўёў: сітуацыя з беларускімі школамі зараз горшая, чым за Савецкім Саюзам.

 

Што казаць, калі за міністрам Латушкам па-ціхаму скасавалі нават беларускае справаводства ў бібліятэках… А кінематограф нацыянальны? Чаму, калі пад Гародняй здымаецца фільм пра вайну, усё мясцовае насельніцтва забявязваюць размаўляць у кадры па-расейску?..

 

Усё беларускае вынішчаецца. Чакаюць, пакуль плод іх саспее ды ўпадзе ў мядзвежую расейскую лапу.



Якую асобу маглі б супрацьпаставіць Каліноўскаму ягоныя апаненты – сучасныя “заходнерусісты”?

 

Адзіны, хто прыйшоў ім да галавы – гэта губернатар Мураўёў, з якога робяць “добрага адміністратара”, які “развіваў эканоміку”, “стымуляваў культуру”… Больш нічога прыдумаць не могуць.

 

Бо зрабіць героем калабаранта, які напісаў на Каліноўскага данос, у выніку чаго яго схапілі, нават яны не могуць. Вы памятаеце яго прозвішча? Я – не. І расейцы не асмеляцца выносіць яго ў героі.


Што б вы сказалі тым “нашым” беларускім гісторыкам, якія зарз спрабуюць перагледзець ролю асобы Каліноўскага?

 

Хурсіка цяжка назваць гісторыкам – гэта выпадак блізкі да клінічнага. Таму ж Алегу Латушонку я сказаў: “Алег, давай дыскутаваць аб гэтым у вузкім коле.” Вельмі паважаю гэтага чалавека, але падобныя публічныя выказванні толькі шкодзяць нашай справе.

 

Гэта не апошняе мерапрыемства прысвечанае 150-годдзю Паўстання, якое мае прайсці ў Гродне з ініцыятывы ТБШ ды “Гарадзенскай Бібліятэкі”. Бліжэйшая імпрэза чакаецца 2 лютага на дзень нараджэння Каліноўскага.

 

Падрабязней – чытайце на “ТС” бліжэйшым часам.

 

Здымкі Яна Лялевіча