Трофі-арыентаванне: драйв, адрэналін ды халадэча
Трофі-арыентаванне на пазадарожніках – гэта не гонкі на хуткасць, а пераадольванне маршрута па перасечанай мясцовасці, дзе ўдзельнікі павінны, арыентуючыся па карце або “легендзе”, знайсці як мага болей кропак. І, канешне, укласціся ў пэўны час. У нашым выпадку на гонку было адведзена шэсць гадзін.
Задача першая. Не замерзнуць
“Ты толькі добра апранайся, мы ж едзем на цэлы дзень у лес”, – некалькі разоў паўтарыла мне сяброўка. Нацягваючы другую пару цёплых шкарпэтак, смяюся: “Не змерзну”.
У лесе, дзе мы сустракаем світанак, становіцца зусім не смешна. Вельмі адносна ўяўляеш, седзячы ў кватэры, як гэта – прабыць цэлы дзень на холадзе. Праз хвілін 20-30 ужо пачынаеш мітусіцца, шукаючы цёплую машыну, вогнішча ці яшчэ якую крыніцу цяпла. Шкадуеш, што не ў валёнках, у якіх спакойна рассякаюць бывалыя. А яшчэ ў адмысловых, падобных на рыбацкія, ботах.
“Пры мінус 25 ногі ў іх не мёрзнуць, – дзеліцца адзін з удзельнікаў перад брыфінгам, пазіраючы з недаверам на наш абутак і дадае. – Хутка замерзнеце”.
А мы ўжо змерзлі! Аднак бадзёра ўсміхаемся і запэўніваем, што нам нармальна. Пальцы на нагах нямеюць і замярзаюць у першую чаргу. Праз гадзіну моўчкі і хутка закутваюся ў прапанаваную куртку “Поўнач” і раптоўна заўважаю, што проста хутка хаджу туды-сюды. Каб сагрэцца.
Снегу ў лесе, літаральна, па калена. Хадзіць цяжка. Аўтамабіль іншы чым джып наўрадці праедзе далей за трохі расчышчаную лясную дарогу. Сапраўды, нашая “пузадзёрка”, як называюць простыя машыны кіроўцы джыпаў, адразу застравае ў снезе. Прыходзіцца яе адкапваць і расчышчаць месца для паркоўкі. Затое, такія фізічныя практыкаванні разаграваюць!
Брыфінг праходзіць хутка і зладжана. Каманды атрымліваюць маршрут – аркушы паперы, дзе пазначаны каардынаты кропак, якія трэба знайсці і зафіксаваць іх праходжанне, сфатаграфаваўшыся ля іх. Ды не проста, а кранаючы адной рукой лічбу, а другой – сваю машыну!
Асобна ў спаборніцтвах удзельнічаюць квадрацыклы. “Квадрыкі” – як іх тут называюць. І лічаць найбольш “адмарожанымі”.
Задача другая. Навучыцца падпрыгваць у машыне так, каб галава не білася аб столь
У экіпаж мы трапляем зусім выпадкова. Да апошняга мы не ведалі ці ўвогуле будзем удзельнічаць у трофі. Аднак пашанцавала. Стары ГАЗ-69, бадзёра рассякаючы снег, прыпыняецца каля нас. Адразу заўважаю вялікія колы.
“Ад трактара” – “Сур’ёзна?” – “Канешне”. Экіпаж сціпла прадстаўляецца: Саша і Дзіма. “Ну што, паехалі?”
Наш экіпаж
Мы бадзёра караскаемся на сядзенне, яшчэ не ведаючы, што нас чакае. Калі машына пачынае ехаць наўпрост па полю, трэсці пачынае так, што чапляцца за ўсё што трапляе пад руку. Галоўнае добра учапіцца і не адпускаць.
Марцін, паляўнічы кокер-спаніель, відаць, ужо прызвычаіўся, лоўка манеўруе на сядзенні ды часам на нашых каленях. А мы смяемся, калі ў чарговы раз падскокваем да столі. Такога са мной яшчэ не было. Дыханне замірае, калі машына ўваходзіць у павароты.
“Спачатку смешна, потым страшна, потым прызвычайваешся, – кажа Дзіма і дадае. – Калі бачыш, што машына пачынае падпрыгваць, сама падпрыгвай нагамі, каб не трапіць галавой у столь”.
Найактуальнейшы галаўны ўбор для трофі-арыентавання
Тым часам, машына хутка нясецца па полі, зносячы кустоў’е. Імкнуся падпрыгваць, як вучыць наш штурман. Не ведаю ці выходзіць правільна, але галаву новая стратэгія ратуе.
Нарэшце выязджаем на дарогу і трапляем на першую кропку. Заязджаем на лёд.
Задача трэцяя. Выцягнуць машыну
Джыперы не шукаюць легкіх шляхоў. На першы погляд здаецца, што галоўная забава – выцягнуць з пасткі машыну. Ужо на першай кропцы нехта з удзельнікаў застравае ў халоднай вадзе. Вось тут і спатрэбіліся рыбацкія боты! Зладжана, пры дапамозе троса, машыну хуценька выцягваюць.
Усім натоўпам едзем на наступны прыпынак. Сітуацыя з выцягваннем экіпажаў паўтраецца на кожнай кропцы. Толькі мяняюцца машыны. Выцягваюць каго з бруду, каго з вады, каго з горкі.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
Траса не асабліва цяжкая, але вельмі разнастайная. Дзе застранеш – невядома. Але вядома адно – нехта абавязкова прыйдзе на дапамогу.Зрэшты кіроўца можа і самастойна выцягнуць сваю машыну. Трэба толькі “зачапіцца”. Нам пашчасціла – ГАЗ нідзе не застраў, праязджаючы праз любыя перашкоды.
“Ты бачыш трасу?” – пытае ў нашага кіроўцы Дзіма. “Канешне”, – запэўнівае той і зноў гойсае наўпрост праз поле.
Якая траса, які маршрут! Тут галоўнае – адрэналін і задавальненне. Трасе не менш, але мы ўжо прызвычаіліся і адчуваем сябе сапраўднай часткай экіпажа. “Першы раз бярэм у экіпаж жанчын!” – кажа Дзіма.
Здаецца, вопыт аказаўся станоўчым не толькі для нас. Бо падчас трофі мы ўжо плануем куды паедзем летам. А нашыя новыя знаёмыя абяцаюць узяць нас на двухдзённыя спаборніцтвы “Дрыгва”, што праходзяць у пачатку лета.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
А пакуль мы носімся сярод заснежаных прастораў ды ўзбіраемся на, здавалася б, непраходныя лясныя пагоркі. Вось тут становіцца страшна! Узяць штурмам горку атрымліваецца не адразу.
Гарызонт, літаральна, завальваецца, здаецца, што машына вось-вось перакульнецца, устаўшы на дыбкі. Не перакулілася. Узабраліся. Уффф!
Аднак не ўсе вышыні сёння былі ўзяты і апошняя кропка, якая, як аказалася, не ўваходзіць у маршрут, сабрала каля сябе амаль усе экіпажы. Даказываючы сабе і адзін аднаму, удзельнікі па чарзе бралі гэты пагорак. Не без намаганняў.
Націсніце, каб паглядзець у вялікім памеры
Наш усюльпраходны “козлік” таксама забуксаваў і з цяжкасцю ўзабраўся на пагорак, паламаўшы адно з люстэрак. Аднак, гэта не самыя вялікія страты – адзін з экіпажаў пазбавіўся амаль ўсяго шкла! Але кіроўца не прыпыніўся нават тады, калі ўшчэнт застраў у зямлі, брудзе ды снезе.
Як кажа адзін з арганізатараў трофі Алег Хаміцкі, людзі прыязджаюць сюды пакатацца ў сваё задавальненне:
align=”left” alt=”Алег Хаміцкі” >“Арыентаванне добра тым, што куды хочаш, туды і едзеш, галоўнае прайсці максімальную колькасць кропак за абмежаваны час. На такія спаборніцтвы прыязджаюць і на хамерах, і на УАЗіках.
Але ад крутасці машын нічога не залежыць. Пермагае той, хто адчувае свой аўтамабіль і правільна ездзіць. Трофі, што праходзіць зараз – гэта клас турызм, для аматараў. Аднак, сярод іх ёсць тыя, хто ўжо зараз рыхтуе свае пазадарожнікі для рэспубліканскіх, прафесійных спаборніцтваў”.
З апошняй кропкі едзем праз лес, манеўруючы між соснамі і ядлоўцам. Са стромкага пагорка спускаемся на пойнай хуткасці. Страшна! Здаецца, ляцім тварам ў зямлю. Але ўсё абыходзіцца. Канешне, па-іншаму і быць не можа! Машынамі кіруюць сапраўдныя прафесіяналы, хаця спаборніцтвы і аматарскія.
Аўтаркі дзякуюць Клубу “Поўны Прывад Гродна” за магчымасць удзельнічаць у трофі, а таксама перадаюць прывітанне найлепшаму экіпажу.