“БАТЭ” прывязе заўзятараў у Гродна за кошт футбольнага клуба
Гэта значыць, што абяцаны футбольным клубам дадатковы цягнік Мінск-Гродна-Мінск 14 лютага будзе.
Як распавёў “Твайму стылю” менеджэр па маркетынгу ФК “БАТЭ” Віктар Хадасевіч, цяпер рыхтуецца ліст у кіраўніцтва Беларускай Чыгункі, каб прапрацаваць маршрут цягніка, графік руху і вызначыць кошт.
Віктар Хадасевіч:
– Так атрымалася, што нашыя заўзятары не маюць магчымасці паглядзець хатні матч у сваім горадзе ці хаця б у Мінску. Таму для іх паездка будзе бясплатнай, – усе выдаткі бярэ на сябе клуб.
Затое, падобна, на наступную гульню “БАТЭ” з “Фенербахчэ” – хатні матч турэцкай каманды – заўзятары “БАТЭ” увогуле могуць не трапіць.
Афіцыйны сайт УЕФА змясціў інфармаыю, што гэтую сустрэчу 21 лютага турэцкая каманда абавязаная правесці без гледачоў.
Такім чынам “Фенербахчэ” пакараны за паводзіны сваіх фанатаў у часе гульні з “Барусіяй” 6 снежня.
Віктар Хадасевіч:
– Рыхтуем запыт ва УЕФА пра магчымасць прысутнасці нашых заўзятараў у гасцявым сектары на стадыёне “Шукру Сараджоглу”, дзе пройдзе гульня.
У любым выпадку трэба звярнуцца, удакладніць.
Нашыя заўзятары нічога дрэннага не рабілі.
Ёсць людзі, якія ўжо набылі квіткі на самалёт, замовілі месцы ў гатэлях. Як будуць кампенсавацца іх страты?
Паводзіны турэцкіх фанатаў вядомыя ва ўсім свеце, таму ў часе гульні ў Гродне будзе ўзмоцненая ахова і кантроль.
Здымак sportpanorama.by