Адчынілася выстава, прысвечаная паўстанню 1863 г.

|

24 студзеня ў галерэі “Крыга” адчынілася выстава мастакоў, прысвечаная паўстанню Каліноўскага. Тры памяшканні галерэі з цяжкасцю змясцілі ўсіх, хто меў жаданне ўбачыць карціны. Старшыня саюза польскіх мастакоў Станіслаў Кічко адзначыў:

 

“Тэма паўстання – самая актуальная ў Беларусі, як мне падаецца. Яны ж змагаліся за волю, за тое, каб мы самі былі гаспадарамі на сваёй зямлі! Мы павінны шанаваць іх памяць, што і паспрабавалі зрабіць гарадзенскія мастакі”.


align=”middle” alt=”Выстава. Паўстанне 1863″ >


Сяргей Грыневіч, Уладзімір Панцялееў, Ігар Кебец ды іншыя творцы прадставілі свае працы. Першая зала фактычна ўяўляе сабой партрэтную галерэю ўдзельнікаў паўстання: Траўгут, Урублеўскі, кс. Фалькоўскі. Адна з карцін з’яўляецца добра захаваным арыгіналам невядомага мастака 1934 г.


“…Сёння сябры ў нас тыя ж самыя, вораг – той самы, мы пераможам!” – падагульніў пад бурныя воплескі публікі гісторык Алесь Краўцэвіч.

 

 

Краязнавец Вітальд Іваноўскі заўважыў, што гэта сімвалічнае вяртанне Каліноўскага на Савецкую вуліцу: менш за 100 метраў адсюль Кастусь спыняўся напярэдадні паўстання. Вялікі холст з выявай гарадзенскай турмы, дзе сядзелі паўстанцы, вяртаў прысутных у сучаснасць…

 

Консул Анджэй Хадкевіч, мастак Станіслаў Кічко, краязнавец Вітальд Іваноўскі і ўладальніца галерэі Марыя Мацко

 

Ігар Кебец. Каліноўскі і каты

 

Польскі консул Анджэй Хадкевіч сказаў некалькі словаў адмыслова для чытачоў “ТС”:


“Памяць аб паўстанні аб’ядноўвае народы Беларусі і Польшчы, але пытанне ў тым, ці жывая гэтая памяць. Прайшло 150 год і за гэты час нашыя народы перажылі шмат цяжкасцяў, у прыватнасці Другую Сусветную вайну – памяць зацерлася… Але мне падаецца, для Беларусі паўстанне 1863 года мае агромністае значэнне менавіта ў нацыянальным сэнсе.


Мы былі здзіўленыя, калі 22 студзеня разам з літоўскімі дыпламатамі прыехалі ў Свіслач, каб ускласці вянкі да помнікаў Каліноўскаму і Траўгуту, але не ўбачылі там ніводнага прадстаўніка мясцовых уладаў – нягледзячы на нашыя запрашэнні.Ніхто не вышаў нават прывітаць нас…”


Ігар Кебец. Дуб паўстанцаў на Святым балоце



Здымкі Яна Лялевіча