Колькі каштуе беларуская футбольная гаспадарка?
“Добрая воля” недарэмна ўзятая ў двукоссі, паколькі спецыяльным прэзідэнцкім указам за футбольнымі клубамі “замацаваныя” прадпрыемствы, якія абавязаныя фінансаваць каманды.
Без такога кшталту падтрымкі, а таксама падтрымкі з боку мясцовых уладаў большасць беларускіх футбольных дружын ужо даўно збанкрутавала б. Выключэнне складаюць толькі барысаўскі БАТЭ, які сем разоў запар станавіўся чэмпіёнам краіны і добра зарабіў на ўдзеле ў Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы ды сталічнае “Дынама”, якое трымаецца на шчодрых уліваннях ад Юрыя Чыжа.
Вось як выглядае беларуская футбольная гаспадарка на фоне іншых краін:
Асноўнай крыніцай прыбытку для футбольных клубаў у свеце з’яўляецца продаж квіткоў на стадыёнах, продаж правоў на тэлетрансляцыю, гандль сувенірнай прадукцыі ды продаж футбалістаў. У Беларусі больш-менш працуе толькі апошні пункт, але гульцоў, якіх з ахвотай купляюць заходнія, расійскія альбо ўкраінскія клубы з кожным годам у краіне становіцца менш. Таму ў пошуках лепшай долі нашыя футбалісты ўсё часцей накіроўваюцца ў Казахстан, ніжэйшыя лігі Расіі.
Ну а лепшых з тых, хто застаецца ў краіне, з часам скупляюць мясцовыя “багацеі”: БАТЭ, мінскае “Дынама”, салігорскі “Шахцёр”.
Футбольны “Нёман” некалькі апошніх год лічыцца моцным сярэдняком.
Па ацэнках аўтарытэтнага сайта transfermarkt.de, агульны кошт футбалістаў каманды складае 4 400 млн. еўра. Гэтая лічба дастаткова ўмоўная, але ў параўнанні з аналагічнымі паказчыкамі іншых каманд усё ж дазваляе ацэньваць турнірныя перспектывы каманды.
Самым дарагімі гульцамі клуба, па дадзеных таго ж transfermarkt.de, з’яўляюцца мінулагодні капітан каманды Іван Дзянісевіч, а таксама малады нападнік Павал Савіцкі.
Кошт Паўла Савіцкага (у цэнтры) можа ў бліжэйшы час падрасці, паколькі гарадзенец досыць ярка згуляў на гэтым тыдні на міжнародным моладзевым турніры ў Санкт-Пецярбурзе.
Іван Дзянісевіч (на здымку зправа) днямі вярнуўся з Азербайджану, дзе спрабаваў спадабацца мясцоваму “Хазару”. Не атрымалася.
Першую ў гэтым сезоне таварысцкую гульню гарадзенцы згуляюць 26 студзеня ў Брэсце супраць тамтэйшага “Дынама”.
Фота fcneman.by