Падводніка, дэсантніка і радыста аб’яднала літаратура
Сустрэча прайшла ў цёплай, амаль сямейнай атмасферы: абодва аўтары, маючы багаты жыццёвы досвед за спінай, з’яўляюцца майстрамі паўкамічных аповедаў-баек: пра флот, міліцыю, “Белы легіён”, паляванне, далёкія краіны…
Акустычнае суправаджэнне вечару забяспечыў Уладзімір Хільмановіч, праспяваўшы пад гітару як песні на вершы Анатоля Сыса, так і аўтарскія пераклады Андрэя Макарэвіча.
align=”middle” >
“Паша – капітан падводнай лодкі, я дэсантнік, Валодзя – лепшы радыст краінаў варшаўскай дамовы… Засталося толькі перамагчы!” – як заўжды іранічна заўважыў Сазонаў.
Ляхновіч, у мінулым падводнік, трэнер па кік-боксінгу, “выбівала” ў рэстаране, целаахоўнік, працоўны на будоўлях Салехарда ды Варшавы, у Гродне досыць рэдкі госць. Перад гэтым у аўтара ўжо выйшлі два зборнікі: “Пачатак сезона” і “Золата князёўны”, хіба пакуль больш вядомыя ў Мінску, чым у нас.
Для “ТС” Павал Ляхновіч пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.
У якім жанры вы усё ж такі працуеце?
Мяне нельга называць аўтарам аднаго накірунку. Пішу тое, што прыходзіць на розум. Пачытаеце – паглядзіце.
Чаго на вашую думку не хапае сучаснай беларускай літаратуры?
Беларускамоўнага чытача (смяецца). Мне падаецца, што нашым пісьменнікам варта было б звярнуць увагу на такі жанр як фэнтазі. У свеце гэта ж карыстаецца попытам. Узяць хлопца гэтага, у акулярах… во, Гары Потэра! Нам патрэбныя свае потэры – гэта было б карысна!
Якіх беларускіх сучасных аўтараў вы чытаеце?
Па некалькі дзесяткаў раз перачытваю Караткевіча – калі яго можна назваць сучасным. Быкава менш. З паэтаў – Аксану Спрынчан, Хведара Лагвіновіча…
Хто з сучасных беларускіх літаратараў, на вашую думку, будзе ўспрымацца праз 50 год?
Арлоў – гэта ўжо зараз класіка прыжыццёвая. Някляеў, Барадулін, Гілевіч – абавязкова застануцца. Раман у вершах апошняга – “Родныя дзеці” – лічу нашмат круцейшым за пушкінскага “Яўгенія Анегіна”.
Фота аўтара