Сёння для Заўтра

|

Але складаецца такое ўражанне, што ў складзе РФ жывем мы, а не татары. Татары альбо не бачаць сябе там, альбо працягваюць разглядаць Маскву як крыніцу даніны – адно з двух. Бо год Батыя на тэрыторыі Расеі – круцейшы за год Шыкльгрубера ў Баварыі альбо год Напалеона ў Смаленскай вобласці.

 

А ў Казахстане, напрыклад, зараз актыўна разглядаецца варыянт пераходу на “лацінку” да 2025 года, Назарбаеў канцэпцыю падтрымлівае. Тут справа не гістарычнай адпаведнасці (у беларусаў правоў на лацінку куды больш), а ў тым, што кірыліцу казахам накінулі і пазбавіцца ад яе – справа гонару. І нічога, што па-казахску стала размаўляе ўсяго 20 % насельніцтва краіны, і лацінку з іх успрымаюць далёка не ўсе… Ініцыятараў рэформы гэта не клапоціць.

 

Практыка паказвае, што нацыяналізму ў ХХІ стагоддзі варта вучыцца не ў еўрапейцаў, але акурат ва ўсходнікаў. Не ў тых, хто разглядае нацыяналізм з пункту гледжання дэмакратыі, а ў тых, хто дэмакратыю разглядае ў святле нацыянальных каштоўнасцяў. І казахі з татарамі тут значна больш прагрэсіўныя за немцаў.

 

Нацыяналізм – інстынкт здаровай асобы. Беларусы тут нічым не адрозніваюцца ад суседніх народаў, за выключэннем той драбніцы, што з беларусаў выходзяць выдатныя расейскія “фашыкі”, разліву РНЕ, заўзятыя палякі, з пазнакай у Скайпе Grodno Polska, аматары сумных песняў пра ОУН-УПА ды бару “Криївка”… але НЕ БЕЛАРУСКІЯ нацыяналісты.

 

Чаму? Гістарычна так склалася, што брэнды суседніх нацыяў мацнейшыя, больш раскручаныя ды распрацаваныя. За іх свядома праліта больш крыві. Менавіта “свядома”, бо беларусы ўвесь час праліваюць кроў і мімаволі становяцца ўдзельнікамі альбо ахвярамі канфліктаў, але зазвычай нічога з гэтага не маюць у нацыянальным плане.

 

Беларусы-чырвонаармейцы, партызаны АК, “афганцы”… – нашы  шчодрыя падарункі суседнім дзяржавам, з якіх мы па сутнасці нічога не займелі, застаўшыся адныя ў разрабаваным доме.

 

Яўрэі спраўна даглядаюць у Беларусі свае сінагогі, “казакі” – могілкі першай сусветнай вайны, палякі – паўстанцкія крыжы ды дзядкоў з АК… Ветэранамі БКА ды СБМ займаецца 3-4 чалавекі з кампаніі “Пакаянне”, якія кожны раз скідваюцца на бензін для даезду і сціплыя падарункі старым, бо фінансавыя праеткы “на нацыяналізм” у еўрапейскіх донараў не пракатваюць, партыі ды культурныя арганізацыі не маюць да гэтага імпэту.

 

…Тут ёсць і яшчэ адзін фактар: быць нацыянальнай меншасцю ў Беларусі заўсёды выгодна, ва ўмовах прыгнёту, падаецца, “пануючай” нацыі.

 

Быць беларусам гэтак жа зручна, як жыць у недабудаваным катэджы – без цяпла ды электрычнасці. Нашая нацыянальная ідэя дагэтуль знаходзіцца ў стане фармавання. Шмат ведаеце ідэолагаў беларускага нацыяналізму? Колас, Купала, Караткевіч – гэта іконы ідэолага, ягоныя настольныя кніжкі, але не ідэалогія ў чыстым выглядзе.

 

Булгакаў, Тарас, Ёрш з Горбікам, у рэшце рэшт – тыя, хто спрабуе хоць нешта фармуляваць зараз. Таму і даводзіцца чытаць яўрэйскіх аўтараў па-беларуску (у выпадку аднаго вядомага часопіса) ды беларускіх аўтараў па-расейску (у выпадку не менш вядомай кніжнай серыі)… Не крыўдуйце на іх – зрабіце лепш і будзеце першым!

 

Але ёсць і добрыя навіны: беларусы як нацыя фармуюцца на нашых вачах. У гэтым працэсе можна паўдзельнічаць, зрабіць стаўкі альбо пакласці жыццё. Толькі рэзультата сёння чакаць не варта.

 

Усё, што мы ўкідваем у грамадскую свядомасць, чым ствараем прэцэдэнт  – палітвязні, мітынгі, значкі, кніжкі, патрыятычныя пасты ў сацыяльных сетках альбо графіці “на раёне” – усё гэта прарасце і дасць плён толькі заўтра.

 

Калі прыйдзе заўтра? Праз пяць месяцаў, 15 год альбо праз чарговыя 150 – залежыць ад нашай рашучасці і ўпартасці, ад таго кошту, які гатовы заплаціць кожны з нас.

 

     
  Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі  
     

 

 

 

align=”left” >Алесь Кіркевіч – сталы аглядальнік “Твайго Стыля”

 

Іншае аўтара:

Беларусь перад “канцом свету”

Казкі пра казачкоў

“Бесы” Зміцера Дашкевіча