Чаго мы не ведаем пра залежнасць ад анлайн гульняў

|

“Мне здаецца, што ў майго мужа залежнасць ад кампутарных гульняў, падсеў на World of tanks. Можа гуляць да 3 гадзін ночы… Стаў агрэсіўным, крычыць. Раней ён наогул не крычаў. Можа параіце, якую тактыку абраць?


Вялікае жаданне разбіць комп. Калі я буду пакрыўджана маўчаць, то сітуацыю гэта не выправіць, крытыкі ён не разумее. Калі пасварыцца з ім, то гэта толькі нагода яму сесці за комп да раніцы.


Учора было велізарнае жаданне паехаць да бацькоў, можа ён засумаваў бы без мяне і задумаўся, што яму важней? Ведаю, што заўсёды трэба ісці на кампраміс, але саступаю толькі я – такімі словамі пачынаецца адна з тэм на інтэрнэт-форуме.

 

Хоць залежнасць ад анлайн гульняў афіцыйна нідзе, акрамя Кітая, не прызнаная захворваннем, многія краіны вядуць барацьбу з гэтай праблемай. У Фінляндыі, напрыклад, маладым людзям з такога роду залежнасцю даюць адтэрміноўку ад войска. А ў ЗША ў 2009 годзе з’явілася першая клініка па лячэнні гэтай хваробы.

 

 
 
   СІМПТОМЫ АНЛАЙН ЗАЛЕЖНАСЦІ  
     
  Псіхічныя  
     
 

1. Добрае самаадчуванне або эйфарыя за кампутарам

2. Немагчымасць спыніцца

3. Павелічэнне колькасці часу, які праводзіцца за кампутарам

4. Грэбаванне сям’ёй і сябрамі

5. Адчуванні пустэчы, дэпрэсіі, раздражнення не за кампутарам

6. Хлусня працадаўцам або членам сям’і аб сваёй дзейнасці

7. Праблемы з працай або вучобай

 
     
  Фізічныя  
     
 

1. Сіндром карпальнага канала (тунэльнае паражэнне нервавых ствалоў рукі, звязанае з доўгім перанапружаннем цягліц)

2. Сухасць у вачах

3. Галаўныя болі па тыпу мігрэні

4. Болі ў спіне

5. Нерэгулярнае харчаванне, пропуск прыёмаў ежы

6. Грэбаванне асабістай гігіенай

7. Засмучэнні сну, змена рэжыму сну

 
     

 

 

Захапленне анлайн гульнямі выклікае мноства дыскусій. Разабрацца ў тым, што сабой уяўляе анлайн-залежнасць і чым яна небяспечная “ТС” дапамагла кандыдат медыцынскіх навук, псіхатэрапеўт Эльвіра Хмяльніцкая.

 

Паводле эксперта, маладыя людзі, якія граюць у анлайн гульні, падкрэсліваюць, што гэта дае ім станоўчыя эмоцыі. Але галоўнае тое, што яны знаходзяць у гульнях сэнс, якога ім бракуе ў паўсядзённым жыцці і дзейнасці.


“Часцей за ўсё яны павінны рабіць тое, што ім сказалі бацькі. А каб жыць па-свойму – трэба мець навыкі камунікацыі, уменне пераадольваць трывогу звязаную з новымі кантактамі, якія нясуць рызыку няўдачы і могуць выклікаць пачуццё сораму. Атрымліваецца, што такім непрыстасаваным маладзёнам лягчэй праявіць віртуальную ініцыятыву”, – пачынае свой расповед спадарыня Эльвіра.


Ці адбіваецца імкненне анлайн гульцоў дасягнуць пэўных віртуальных заслуг на іх рэальным жыцці?


Эльвіра Хмяльніцкая: Як правіла, чым больш дасягненняў там, тым менш іх у рэальным жыцці. Гэтаму ёсць аб’ектыўнае тлумачэнне: на віртуальныя змаганні траціцца шмат часу, які мог бы быць прысвечаны нейкім рэальна карысным справам.

 

Гуляючы некалькі гадзін у суткі, ты нічога не выйграеш. На гэта траціцца часта дзесяць, дванаццаць і больш гадзін у суткі, якія страчаныя для  рэальнага жыцця. Ад гэтага пакутуюць адносіны з іншымі людзьмі, вучоба. Атрымліваецца свайго роду сыход з рэальнага жыцця.

 

У мяне быў 24-гадовы пацыент, анлайн-гулец. Ён быў выдатным героем у віртуальнай рэальнасці і мог гуляць усю ноч. Але з-за гэтага ў яго ўзніклі канфлікты з жонкай, пасля чаго яны і звярнуліся па дапамогу да мяне. У ходзе лячэння высветлілася, што пацыент баіцца адказнасці, бо яму не хапае навыкаў у рэальным жыцці.

 

World of Warcraft – адна з самых папулярных анлайн гульняў у свеце

 

Першапрычынай гэтай праблемы было тое, што калі ён быў падлеткам, бацькі адчувалі сябе спакайней, калі іх дзіця больш часу праводзіла дома, а не бегала недзе. І вось, ва ўзросце 24 гадоў, калі ад яго чакалася, што ён будзе сам будаваць сваё жыццё, кар’еру, вырашаць канфлікты, працаваць у камандзе, аказалася, што такіх навыкаў у яго няма.

 

Выснова: найбольш карысныя для дарослага жыцця навыкі набываюцца ў падлеткавым узросце шляхам спроб і памылак. Тое, што сучасная моладзь праводзіць гэты этап фармавання ў віртуальнай прасторы, адбіваецца на дарослым жыцці і гэта даволі заўважна.


З чым можна параўнаць адчуванні, якія чалавек перажывае падчас гульні?

 

Стан у анлайн гульні гэта ў некаторай ступені зменены стан свядомасці. Гульцы цалкам пагружаюцца ў гульню, забываючыся на эмоцыі ды праблемы, якія суправаджаюць іх у рэальным жыцці.

 

Алкаголь, дарэчы, таксама спосаб уцёкаў ад праблем, але ён мае непрыемны пахмельны сіндром, плюс – больш небяспечныя  і незваротныя наступствы яго ўжывання. Менавіта таму бацькі, школа і міліцыя больш актыўна змагаюцца з праблемай падлеткавага алкагалізму, чым з праблемай анлайн залежнасці.


Што выклікае гульнявую залежнасць?

 

Шмат у чым гэта звязана са схільнасцю асобы да залежнасці. Гэта можа закладвацца з ранніх гадоў, калі дзіця расце ў сям’і, дзе бацькі мала разумеюць, чаго яны хочуць, як хочуць будаваць сваё жыццё, затое добра ведаюць, што нехта ім нешта павінны, г.зн. жывуць па прынцыпе “маё шчасце залежыць ад таго які ты”.

 

У такіх сем’ях у дзяцей мала цікавяцца, чаго хочуць менавіта яны, даюць дзецям залішне мала адказнасці, падтрымліваюць сітуацыю, калі дзіця робіць не тое, што хоча, а тое, што павінна паводле ўяўлення бацькоў.

 

 

Атрымліваецца, што бацькі самі баяцца даць дзіцяці магчымасць памыляцца і вучыцца прымаць складаныя рашэнні. Мала які падлетак не казаў бацькам: “Я пайду працаваць”, на што тыя часта рэагуюць заўвагай: “А што людзі скажуць? Мы што, так табе не дамо грошай?”.

 

Такія бацькі пакідаюць падлетка дзіцём, якое вымушана ўсе свае магчымасці рэалізоўваць віртуальна. Чым больш сацыяльных навыкаў закладваецца ў дзіцячым узросце, тым эфектыўней потым падлетак можа рэалізаваць сябе. Нягледзячы на тое, што жыццё небяспечнае і ў ім могуць быць расчараванні, нельга купіць за капеечку неўміручасць…


Як можна пазбавіцца ад праблемы гульнявой залежнасці?

 

Часта раяць кантраляваць сябе, але гэта малаэфектыўна. Людзі пачынаюць зрывацца, бо для многіх гульня – гэта адзіны спосаб атрымання станоўчых эмоцый. Больш эфектыўным лічыцца  пошук іншага спосабу атрымання эмоцый.

 

Чым больш будзе прыкладацца энергіі ў іншай сферы дзейнасці, чым больш будзе там атрымлівацца, тым меншая верагоднасць таго, што залежны некалі ад гульняў чалавек вернецца да іх. Тое, ці чалавек пераможа сваю праблему, залежыць перадусім ад яго самога.

 

У інтэрнэце, дарэчы, ёсць шмат сайтаў дапамогі людзям з кампутарнымі залежнасцямі. Там яны абмяркоўваюць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца, спрабуюць знаходзіць нейкія іншыя інтарэсы ды хобі, дзеляцца сваімі стратамі.

 

 

Страты бываюць вялікія, даходзіць нават да таго, што распадаюцца сем’і – гэтая рызыка датычыць узалежненых людзей  у любым узросце. Часцей за ўсё маладзёнаў, але бываюць выпадкі, калі дзядзечка ў 67 год сеў за кампутар і “захварэў”.

 

У кожную залежнасць лягчэй патрапіць, чым ад яе пазбавіцца. Адкідваючы гульню, чалавек на нейкі момант застаецца без станоўчых эмоцый і яму патрэбны вялікі высілак, каб пачаць шукаць іх у нечым іншым. Рэальныя спосабы атрымання станоўчых эмоцый бываюць рызыкоўныя і не даюцца хутка, а ў гульні наадварот – сеў за кампутар і ўсё гатова.


Што трэба рабіць, калі знаёмы ці блізкі чалавек празмерна захапіўся анлайн гульнямі?

 

Як правіла, родныя пачынаюць сварыцца з узалежненым, тым самым даючы яму яшчэ больш адмоўных эмоцый у рэальнасці. Верагоднасць таго, што такім чынам можна дапамагчы – мінімальная. Важна не столькі скандаліць і палохаць, а спрабаваць з чалавекам размаўляць, спрабаваць зразумець, чым яму можна дапамагчы, знайсці нейкія іншыя інтарэсы, дапамагчы атрымліваць радасць не толькі ў кампутары, але і ў рэальным жыцці.

 

     
 

Сведчанне анлайн гульца

 
 


Дзіма, 21 год, анлайн гулец:


“Я гуляю каля 2 гадоў. Цяпер мне цікавая World of tanks, таму што з дзяцінства захапляўся ваеннай тэхнікай. Мне здаецца, ператвараць анлайн гульню ў жыццё гэта няправільна, трэба быць адэкватным.


У мяне ёсць некалькі знаёмых, якія падоўгу гуляюць, але гэта замкнёныя ў сабе людзі, якія саромеюцца рэальных зносін. Ім прасцей схаваць сябе ў свеце гульняў.


Але гэта ўсяго толькі гульня. Пагуляць у пэйнтбол, дзе ёсць рэальныя людзі, значна цікавей”.