Чым дзьмухаўцы вінаватыя?

Вясковыя гараджане

Аглядальнік «СБ» Іосіф Папко нагадаў чытачам аб тым, што год назад тэрыторыя гораду Гродна павялічылася ў … два з лішнім разы ў выніку далучэння да яго 24 населеных пунктаў разам з землямі і людзьмі. Больш дзесяці тысяч вяскоўцаў сталі гараджанамі. «Праўда, пакуль больш на паперы: у іх жыцці мала яшчэ што змянілася. Жыхарамі вялікага гораду яны сябе не адчулі… »

Рэйд па новых ускрайках Гродна карэспандэнт пачаў з Грандзічаў. Першы прыпынак зрабіў у мясцовай краме. «Невялікі будынак пры ажыўленай дарозе даўно патрабуе рамонту. Адкрыў уваходныя дзверы. На прылаўках – бедны выбар харчавання: чатыры гатункі каўбасы, адзін – сыру, два віды чорнага хлеба, у тым ліку ляжалы і падгарэўшы «цаглінка». Ды і як ён можа быць свежым, калі яго прывезлі за 40 кіламетраў са Скідаля? Гандлёвая кропка ўсё яшчэ застаецца ў распараджэнні Гродзенскага раённага спажывецкага саюзу, таму і забяспечваецца таварамі ўласных кааператыўных прадпрыемстваў, размешчаных на даволі вялікай адлегласці».

>

Натуральна, што і ўмовы пражывання засталіся ў вёсках ранейшымі – у прыватнасці, адсутнасць водазабеспячэння. Хаця жыхары Калбасіна «водную» праблему вырашылі для сябе даўно – проста «ўрэзаліся» у гарадскую сетку. Калі зараз камунальнікі гораду выявілі відавочны крадзеж вады, то схапіліся за галаву: падведзеныя трубы – рознага дыяметру. Як зараз іх «узаконіць» і прывесці ў тэхналагічную норму ніхто не ведае.

І такой «спадчыны» гораду перайшло нямала: пакінутыя гаражы, забытае рэчышча ракі Гараднічанкі ў былой вёсцы Падкрыжакі, сярэдняя школа ў Ласосна. Старшыня адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Сяргей Пацэвіч вялікіх абяцанняў не даў: – Раптоўна гэтую праблему не вырашыш, нават пры дастатковай колькасці сродкаў.

Адзіная сведка

АГН паведамляе аб тым, што гарадскія ўлады Гродна павіншавалі з Днём Перамогі адзінага сведку зверстваў фашыстаў над вязнямі Гродзенскага гета, 83-гадовага Рыгора Хасіда, якому цудам атрымалася выратавацца з гета і пазней не раз пазбегнуць смерці. Рыгор Ніселявіч і сёння добра памятае, як немцы здзекваліся над габрэямі ў гады вайны, забівалі за любое непаслушэнства. Аднойчы немцы загналі вялікую групу габрэяў у Нёман у раёне цяперашняга гарадзенскага парку «Румлёва» і, смеючыся, чакалі на беразе, пакуль усе не патанулі.

Да вайны ў Гродна пражывала больш за 30 тыс. габрэяў.

Пасля прыходу немцаў гарадзенскія габрэі змушаныя былі пасяліцца ў двух гета, з якіх з лістапада 1942 года фашысты сталі вывозіць людзей у лагеры смерці Трэблінку і Асвенцым. Так загінулі амаль усе, у жывых засталіся не больш 200 чалавек. І вось, праз 65 гадоў – адзіны Хасід. Некаторыя з тых, хто выратаваўся, пазней выехалі ў Ізраіль, ЗША і іншыя краіны. У ЗША, напрыклад, жыве выхадзец з Гродна доктар Фелікс Зандман, стваральнік міжнароднага інжынернага канцэрна «Вішэй».

Аперацыя «Дзьмухавец»

А ў Слоніме напярэдадні візіту Прэзідэнта працоўныя адміністрацыі мясцовай камвольна-ткацкай фабрыкі атрымалі загад: ачысціць тэрыторыю ад дзьмухаўцоў! «Дадзенае распараджэнне паступіла ад дырэктара фабрыкі, але прычынаў мы не ведаем. Колькі гадоў працуем на прадпрыемстве, але такое ўказанне атрымалі ўпершыню! – Сказалі карэспандэнту «Газеты Слонімскай» жанчыны. – А можа, гэта сваеасаблівая падрыхтоўка да прыезду прэзідэнта, які ў хуткім часе павінен наведаць Слонім?!» – Выказаў здагадку хтосьці з брыгады па прополцы.

Прэзідэнт збіраецца ў Слонім арыенціровачна 19 траўня і наведае Жыровіцкі манастыр. Але пры чым тут веснавыя кветачкі? «Што насамрэч з’явілася падставай для такога распараджэння, пакуль растлумачыць не атрымалася, але выпадак сапраўды неардынарны! Хоць падобныя загады – фарбаваць траўку і страсаць лісце з дрэў – даволі распаўсюджаныя ў войсках». – Канстатуе газета.

Л.Леонт

Фота «Газеты Слонімскай»