“Гарадзенская бібліятэка” збірае матэрыялы для кнігі паэтычнай спадчыны Юрыя Гуменюка
Укладае зборнік сябра Юрыя Гуменюка паэт і эсэіст Алесь Аркуш, ілюстрацыі рыхтуе гродзенскі мастак Сяргей Грыневіч.
Праца над кнігай будзе ахвярнай, а ўсе сродкі ад яе рэалізацыі пойдуць на надмагільны помнік паэту.
Каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі” Павал Мажэйка:
– Юрка – частка культурнай Гародні, сучаснай Гародні, і, безумоўна, адзін з яе яскравых, прызнаных творцаў і персанажаў.
Ён ствараў пэўную атмасферу культурнага жыцця ў горадзе.
Такіх людзей нельга забываць.
Ён быў паэтам, і кніга паэзіі будзе выдатнай памяццю пра гарадзенскага паэта Юрку Гуменюка.
Укладзе кнігу сябра Юры, паэт і эсэіст Алесь Аркуш. Ідэя простая – сабраць пад адной вокладкай усю паэтычную спадчыну Гуменюка.
Яна практычна ўся вядомая, Юрка не пісаў надоўга ў стол. Ён быў з тых аўтараў, якія выдавалі свае творы, нават, калі трэба, за ўласныя грошы.
У бліжэйшыя месяцы ён планаваў прэзентаваць грамадскасці кнігу новых вершаў. Яна была амаль гатовая. Не паспеў. Але гэтыя вершы ўдалося аднавіць, яны не зніклі і ўвойдуць у зборнік.
Мы таксама звярнуліся да людзей, якія ведалі Юрку, перагледзець свае архівы, магчыма, недзе засталіся творы, прысвячэнні, якія Юрка мог дасылаць, якімі мог дзяліцца, урэшце, пра якія мог забыцца.
Калі б такое знайшлося, было б выдатна, рукапісы не павінны гарэць.
Здымак з архіву “ТС”