“Герой хутчэй не Каліноўскі, а граф Мураўёў”

|

Значная частка беларускай грамадскасці святкуе ў гэтым годзе 150-годдзе паўстання Кастуся Каліноўскага. Ці з вашага, як праваслаўнага святара, пункту гледжання гэта істотная падзея ў беларускай гісторыі?


Аляксандр Велісейчык: Паўстанне 1863-1864 гадоў гэта справа палiтычная, а на кожную палiтычную з’яву Царква, як інстытуцыя, не дае адказу. Задача Царквы перадусім – гэта абвяшчэнне збаўлення ў Iсусе Хрысце.

 

Канешне, кожны чалавек да паўстання, як з’явы гістарычнай, можа мець сваю самастойную думку, і я – не выключэнне. Дык вось, з майго пункту гледжання Студзеньскае (а менавіта так яно называецца, прынамсі ў Польшчы) паўстанне назваць “паўстаннем Кастуся Калiноўскага” вельмі складана.

 

Ігар Кебец, Каліноўскі і каты

 

Каліноўскі быў толькі адным з ягоных удзельнiкаў. Калі зыходзіць з логікі таго, што ён дзейнічаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, то чаму б нам не назвць гэтае паўстане імём Траўгута, цi  Дамброўскага, альбо Урублеўскага?


Але Каліноўскі быў найбольш, так бы мовіць, прабеларускім лідарам паўстання.

 

Як беларусу i праваслаўнаму чалавеку мне не дастакова, што Каліноўскі спрабаваў звяртацца да мясцовага сялянства на мове гэтага ж сялянства. Чытаючы “ліст Яські-гаспадара з-пад Вільні да мужыкоў зямлі польскай” я бачу наступнае:

 

“Вы, што жывеце на зямлі Польскай, што ясце хлеб польскі, вы палякi з вякоў вечных”. Або нумар шосты “Мужыцкай праўды”, які ў савецкi час не друкаваўся:  “…выракаліся веры сваіх дзядоў і прадзедаў і не хвалілі Бога, а радню царскую, но для таго, дзецюкі, Бог найвышшы цярпеў за нас, каб закон яго быў ужэ вечны, ніхто не смеў перамяняці, а мы з цэлай моцы трымаліся яго. Но чы гэтак, дзецюкі, робіцца ў нас, як сам Бог прыказвае, чы дзержымося мы закону боскага? Самі скажыце. Не адзін ужэ, можа, забыўся, што бацька яго быў яшчэ справядлівай уніяцкай веры…”

 

Гэта пункт погляду Каліноўскага на веру. Сапраўднай верай  для яго i ягоных продкау ён лічыў уніяцтва. Але трэба разумець, што навязваючы іншым свой суб’ектыўны, а таму не абавязкова праўдзівы, погляд на веру, ён дзейнiчаў, як тыповы рэвалюцыянер.

 

Фрагмент №6 “Мужыцкай праўды”

 

Для савецкiх чырвоных рэвалюцыянераў, напрыклад, гiсторыя пачалася з 1917 году, а для Калiноўскага з Берасцейскай царкоўнай уніі. Гэтым самым ён выразаў вялiкi пласт беларускай гiсторыi, па сутнасці здраджваючы веры нашых продкаў. Кiрiл Тураўскi, Еўфрасiння Полацкая, прападобны мучанiк Афанасiй Брэсцкi, Францыск Скарына не былi ўнiятамi.

 

А гарадзенская архiтектурная школа ХІІ стагоддзя?! А Полацкi Сафiйскiй Сабор?! Яшчэ трэба задаць пытанне: адкуль з’явiлiся ў Беларусi унiяты? Гэта ж не каталiкi, якiя прынялi унiю, гэта праваслаўныя, якiх пасля 1596 года ў унiю загналi. Потым яны вярнулiся на лона праваслаў’я.

 

Як жа я магу ўспрымаць падзеі 1863 года? У мяне сярод блізкіх толькi я i мой бацька – святары. Іншыя мае продкi – простыя беларускiя сяляне з Шчучынскага раёна Гродненскай вобласцi, у мiнулым Вiленскай губернi Лiдскага павета. Ніхто з іх не ўдзельнiчаў у гэтым паўстаннi.

 

Так здарылася таму, што ім, як i большасцi праваслаўных беларусаў, як кажуць “лавіць у ім не было чаго”. Семдзясят адсоткаў паўстанцаў, як кажа Вiкiпедыя, складала шляхта неправаслаўнага веравызнання, а ўласна сялян сярод паўстанцаў было меней за 20%.

 

Гледзячы на склад паўстанцаў па веравызнанню, сацыяльнай ды нацыянальнай прыкмеце, не дзіўна, што ў абсалютнай большасці крыніц гэтае паўстанне называюць польскім. Яно сапраўды такое і было.

 

“Заспяваем тагды ў адзін голас нашу песнь святую: “Сьвенты Божа, сьвенты моцны, свенты несьмертэльны — змілуй сен над намі!”” – гэта  цытата Трысвятой песні з шостага нумара “Мужыцкай праўды”, толькi чамусці гучыць не па-беларуску, а на польскай мове.

 

Фрагмент №6 “Мужыцкай праўды”

 

Гэта, дарэчы, пярэчыць папулярнаму перакананню, што унiяты служылi на беларускай мове. Гэтага не было. Службы адбываліся  альбо на царкоўнаславянскай, альбо паступова ўводзiлася польская мова.

 

Калi ўявiць сабе, што гэта паўстанне перамагло б, то да 90% насельнiцтва Беларусi не ўпiсвалася б у тую дзяржаўную сiстэму, якую планавалi збудаваць паўстанцы.


Ці спроба адраджэння уніі была спробай стварэння нацыянальнай царквы, ці толькі палітычным ходам?

 

У сістэме каардынат Каліноўскага напэўна не было месца ані для праваслаўнай царквы, ані для праваслаўных вернікаў. Чытаючы “Мужыцкую праўду” можна сустрэць акрэсленні:  “ронд польскi”, ”наш кароль польскi”, можна сустрэць таксама слова “маскаль” з рознымi эпiтэтамi, але слова “Беларусь” там няма.

 

Трэба памятаць што паўстанцы змагаліся за аднаўленне Польшчы, у якой асноўным законам была б прынятая 3 траўня 1791 года польская канстытуцыя. Яна фармальна скасоўвала Люблiнскую унiю, у выніку якой Вялікае Княства Літоўскае апынулася ў падпасках у Польшчы.

 

Намiнальна захоўваліся, канешне, нейкія атрыбуты дзяржаўнасцi ВКЛ, але яны з цягам часу ўсе болей i болей гублялiся, беларуская мова выцяснялася,праваслаўная вера, якая была перашкодай да апалячвання насельнiцтва, таксама паступова знiшчалася.

 

Прымаючы канстытуцыю, Польшча ставіла лагічную кропку ў гэтым працэсе і пераўтваралася ва ўнiтарную дзяржаву. Таму няма сумневаў, што прынамсі кіраўніцтва Студзеньскага паўстання  ваявала за Польшу. I калi б паўстанне перамагло, то зараз у людзей, у метрыках якiх напiсана “беларус”, быў бы зусім іншы запіс.

 

Фрагмент №6 “Мужыцкай праўды”

 

Уніяцтва, да адраджэння якога заклікаў Каліноўскі, было шляхам у нiкуды. Яно не прынесла аб’яднання цэркваў, як спадзяваліся многія, а толькі пасеяла варожасць ды супрацьстаянне сярод вернікаў.

 

Возьмем нашую Гарадзеншчыну. На ўсей тэрыторыi Беларусi унiя была скасаваная ў 1839 годзе, акрамя невялiкай тэрыторыi ў раёне Сапоцкіна, якое ўваходзiла ў склад Сувалкаўскай губернii Царства Польскага або Прывіслянскага краю. Ці шмат у Сапоцкіне і ваколіцы беларусаў зараз? Вось такі лёс чакаў бы і астатніх беларусаў, калі б паўстанне перамагло.


Атрымліваецца, што паўстанцы Каліноўскага для беларусаў не героі? Але ж шмат беларусаў лічыць, што менавіта яны змагаліся за Беларусь.

 

Мяне, як святара, больш цiкавяць не палiтычныя, а рэлiгiйныя аспекты гэтага паўстання. Тое, што паўстанцы забiвалi i вешалi святароў, якія іх не падтрымалі – гэта гiстарычныя факты. Таму для мяне паўстанцы не могуць быць героямi.


Каго ў такім выпадку можаце назваць найбольш выбітнай постаццю таго часу?

 

Выбітных людзей таго часу было шмат. Я лічу, што нават простыя нашыя землякі Яўстафій Арлоўскі, пратаіерэй Мікалай Дзікоўскі і Іаан Карчынскі зрабілі для нашай зямлі значна больш.

 

Але, калі мы вядзем размову пра падзеі 1863-64 гадоў, пра Каліноўскага і Мураўёва, то спадчына Мураўёва больш бачная і лепшая. Калi пра яго ўзгадваюць, то адразу ўсплывае эпітэт “Мураўёў-вешальнiк”. Мураўёвым былі пакараны смерцю 128 чалавек за актыўны ўдзел у мецяжы. А што зараз прадугледжваюць крымінальныя кодэксы, напрыклад у Беларусі ці ЗША, за такія справы?

 

Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў-Віленскі, партрэт і факсіміле з юбілейнага выдання “Министерство внутренних дел. 1802-1902. Исторический очерк”, СПб 1901

 

Калі не памыляюся, паўстанцы павесілі каля 2 тысяч чалавек. За  што? За тое , што не хацелі ўдзельнічаць у мецяжы. Пры гэтым шмат хто забывае, што многiя храмы, пабудаваныя на тэрыторыi Беларусі, называюць  “мураўёўкамi”. Яны былi ўзнесеныя менавiта дзякуючы графу Мураўёву.

 

Возьмем толькі Шчучынскі раён: Астрына, Нарашы, Першамайск (Сабакiнцы), Шчучын, Орля, Ракавiчы, Турэйск, Ятвеск і гэтак далей. Большая палова праваслаўных храмаў на нашых землях – гэта “мураўёўкi”. Ад унiяцтва засталася толькi адна царква ў вёсцы Бершты ды i то пазней, у праваслаўны час, яна была перабудаваная і разбудаваная.

 

Што такое унiяцкiя храмы? Гэта звычайна драўляная невялiчкая царква,як правiла ўжо без iканастаса, таму што унiяты на Беларусi, у адрозненнi ад украiнскiх, страцiлi свае iканастасы. Усё тое, што унiяты атрымалi ў канцы XVI стагоддзя ад праваслаўнай царквы, напрыклад  у нас у Гродне, яны ўсе страцiлi.

 

Мураўёў жа пабудаваў вялiкую колькасць храмаў. Скажыце, дзе зараз ахрышчаная большая частка людзей тытульнай нацыi нашай краiны? У тых храмах, што збудавалi паўстанцы, цi ў храмах, якiя былi пабудаваны Мураўёвым? Ён пабудаваў праваслаўныя прыхадскія храмы, прыхадскiя школы…

 

Гэтыя храмы i ахрышчаныя ў iх людзi змаглi захаваць праваслаўную веру i беларускасць на працягу ХХ стагоддзя. Я хрышчаны ў храме “мураўёцы”, мой брат таксама, мой бацька , мой дзед. У гэтых самых “мураўёўках” мы пабіраліся шлюбам…


Ці абмеркаванне вострых, супярэчлівых пытанняў гісторыі вітаецца Праваслаўнай царквой?

 

Кожны чалавек павiнен мець магчымасць выказваць сваю думку. Але ў дыскусіях павiнна нараджацца iсцiна. Мы дагэтуль часта чуем заклiкi да сякеры, да касы… Ужо ў Дастаеўскага сустракаюцца людзi,якiя задаюць пытанне: “цi я твар дрыжачая, цi я маю права?“

 

Пазней з’явiцца лозунг: “Жалезнай рукой мы загонiм чалавецтва да шчасця”. Ён, здаецца, вісеў над салавецкiм канцлагерам і быў спробай за іншых вырашаць iх лёс. Трэба аднак памятаць, што свабода маей рукi канчаецца там, дзе пачынаецца твар іншага чалавека. Вось гэта і трэба ўлічваць дыскутуючы па вострых пытаннях і такія дыскусіі Праваслаўная царква, безумоўна, вітае.

 

Здымкі з архіва “Твайго стылю”, sansanychprint.livejournal.comarkushy.narod.ru