Веласіпедны маршрут пад Гродна абсталююць за кошт Еўрасаюза
Ён прадугледжвае развіццё велаінфраструктуры ў памежных беларускіх і літоўскіх гарадах Гродне, Ашмянах, Бірштонасе і Алітусе.
Асноўную колькасць сродкаў – каля 425 тысяч еўра выкарыстаюць літоўскія партнёры. Беларускі бок павінны засвоіць 279, 6 тысяч еўра.
Рэалізацыяй беларускай часткі праекта займаецца упраўленне фізічнай культуры , спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, Ашмянскі райвыканкам і абласное аддзяленне ГА “Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз”.
Як распавёў “Твайму стылю” прадстаўнік Гродзенскага абласнога аддзялення “Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза” Сяргей Каляда, у межах праекта будзе распрацаваны веласіпедны маршрут “Мелавыя горы” агульнай працягласцю 30,5 км.
Сам маршрут па маляўнічых ваколіцах Гродна ўжо распрацаваны, цяпер неабходна выканаць яго на мясцовасці.
Грунтовая веладарожка пачнецца ў раёне вуліцы Фестывальнай, пройдзе па правым беразе Нёмана, абміне форт №13, азёры Сінька і Зялёнка і ўздоўж Мелавых гораў вернецца на вуліцу Фестывальную.
Уздоўж маршрута павінны з’явіцца альтанкі, месцы, дзе можна будзе распаліць вогнішча, лесвіцы – 12, так званых, малаабсталяваных месцаў для адпачынку.
У Ашмянах у межах гэтага ж праекта пабудуюць веладарожку з пакрыццём.
Праект “Развіццё веласіпеднага турызму і турысцка-інфармацыйнай сістэмы ў памежным рэгіёне Літвы і Беларусі” падтрыманы яшчэ ў лістападзе 2011 года, але, з-за абсурдна забюракратызаванай беларускім бокам працэдуры нацыянальнага ўхвалення, рэалізацыя яго да гэтай пары не пачыналася.
На разгляд і ўхваленне ўжо падтрыманага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі беларускаму боку спатрэбілася 18 месяцаў – палова тэрміну, адведзенага на рэалізацыю праекта.
Нарэшце, 29 студзеня 2013 года, Савет міністраў даў згоду.
Наперадзе – падпісанне праект-кантракта літоўскім партнёрам, мэрыяй Бірштонаса.
Пасля гэтага яшчэ 45 сутак адводзіцца на атрыманне першай часткі сродкаў і толькі пасля гэтага пачнецца праца па праекце.
Паводле ўмоваў праграмы, выдзяленне сродкаў скончыцца да снежня 2014 года, таму рэалізатарам праекта ў любым выпадку давядзецца ўкласціся ў гэты тэрмін.