Пажартавалі: пакет на галаву і ў багажнік

|

Падзяку і падарунак атрымала гарадзенка, якая паведаміла ў міліцыю пра знойдзеную ў двары паляўнічую стрэльбу. Пашанцавала, што яе не паспелі знайсці дзеці альбо яна не трапіла ў “дрэнныя“ рукі.

 

Яшчэ адзін неабыякавы грамадзянін атрымаў падзяку за дапамогу ў раскрыцці злачынства, якога не было.

 

30 снежня 2012 года Сяргей Гурыновіч (на здымку) разам з сям’ёй ездзіў за перадсвяточнымі пакупкамі.

На вуліцы Кірава з вакна машыны заўважыў, як двое хлапцоў вывелі з пад’езду дома чалавека з пакетам на галаве і пагрузілі яго ў багажнік пазадарожніка.

 

Гарадзенец неадкладна патэлефанаваў у міліцыю.

У горадзе абвясцілі план “перахоп” і хутка падазраваных затрымалі.

Высветлілася, што злачынства не было. Сябры “пажартавалі” і  вырашылі паглядзець, як адрэагуюць грамадзяне і міліцыя.

 

За няўдалы жарт вінаватыя аштрафаваныя, а пільны сведка атрымаў падарунак.

 

Па выніках 2012 года колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыі Ленінскага раёна Гродна ў параўнанні з 2011 годам зменьшылася на 26,7%.

 

Летась у раёне зарэгістравана 1300 злачынстваў.

З іх 584 – крадзяжы маёмасці: 203 у жылых будынках, 60 – з аб’ектаў гандлю, 135 крадзяжоў з аўтамашын.

 

У 308 выпадках падазраваныя ў крадзяжах не знойдзеныя.

Па выніках года раскрыта 47,3% крадзяжоў (на 14,7% больш, чым у 2011 годзе).

 

У раёне адбыліся 3 забойствы, 19 фактаў цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Расце падлеткавая злачыннасць: у 59 злачынствах удзельнічалі 42 непаўнагадовых жыхара раёна.

 

Паводле http://glenad-grodno.gov.by