Як прыцягнуць турыстаў у “самы еўрапейскі” горад Беларусі?

| Без катэгорыі

На мінулым тыдні ў Гродне абмеркавалі, як бліжэйшым часам будзе развівацца турызм. Планы сапраўды маштабныя – стварыць і музей піва, і рачны вакзал, і аквапарк, і нават горналыжны курорт. Ці зацікавяцца гэтым інвестары?

 

І як цяпер Гродна выглядае на фоне суседніх Беластока і Друскенікаў, куды з задавальненнем ездзяць на адпачынак самыя ж беларусы?

 

Буйныя інвестыцыйныя праекты ў сферы турызму гродзенскія ўлады анансавалі яшчэ некалькі гадоў таму. Прыгадаем найбольш маштабныя.

 

Перш за ўсё, гэта стварэнне горналыжнага курорта на Аўгустоўскім канале ў Сапоцкіне проста на мяжы з Польшчай, таму ўлады разлічваюць на цікавасць ад еўрапейскіх турыстаў. У самой Польшчы, дарэчы, падобны курорт ужо існуе. “Шэльмент” месціцца непадалёк горада Аўгустова, на выходных тут збіраюцца да 4 тысяч турыстаў.

 

 

Тэрыторыя канала ўключаная ў свабодную турыстычную зону, гэта значыць, інвестар мае права на льготны крэдыт і мінімальныя падаткі. Асноўнымі крытэрамі для рэалізацыі інвестпраектаў на Аўгустоўскім канале выступаюць аб’ём інвестыцый не меншы за 200 тысяч еўра і накіраванасць інвестыцыйнага праекта на развіццё турыстычнай паркавай індустрыі ды інфраструктуры.

 

Маючы на Аўгустоўскім канале свой лыжны комплекс, можна стварыць зімовае турыстычнае кола Беларусь – Польшча – Літва. Аднак пакуль гэта застаецца толькі планамі. Асноўнага фінансавання чакаюць ад інвестараў, хоць пакуль на Аўгустоўскі канал прыйшлі толькі два прыватнікі – са стварэннем рыбацкай вёскі ды аграсядзібы.

 

Буйных інвестараў пакуль няма. Зацверджаная Праграма развіцця спецыяльнага турыстычна-рэкрэацыйнага парку “Аўгустоўскі канал” на 2012–2015 гады прадугледжвае фінансаванне з беларускага бюджэту, сума павінна скласці 775 тысяч еўра.

 

 

Апроч горналыжнага комплексу, у Гродне і раёне абяцаюць стварыць і іншыя амбіцыйныя турыстычныя аб’екты: правесці рэканструкцыю гродзенскага піўзавода са стварэннем музея піва (кошт праекта – 2 мільёны еўра), пабудаваць рачны вакзал (10 мільёнаў еўра), стварыць санаторны комплекс “Прывалка” (40 мільёнаў еўра), аквапарк у вёсцы Гожа (110 мільёнаў еўра) і турыстычны комплекс “Этнаграфічная вёска” (4 мільёны еўра), а таксама правесці рэканструкцыю палацавага комплексу ў Свяцку (13 мільёнаў еўра).

 

З аднаго боку, Гродна мае вельмі выгаднае геаграфічнае становішча, каб прыцягваць турыстаў з Еўропы, – зусім блізка літоўская і польская межы. З іншага боку, акурат ад мяжы і пачынаецца моцная канкурэнцыя за турыстаў.

 

Перад рэгіёнам стаіць няпростая задача – зацікавіць палякаў і літоўцаў тым, чаго яны не змогуць пабачыць у сябе на радзіме. Да таго ж, прапанова павінна настолькі ўразіць, што турысты захочуць аддаць дадатковыя грошы за візу.

 

На думку экспертаў, гэта адзін з самых асноўных бар’ераў у прыцягненні гасцей з ЕС. Нават жыхарам прымежнай зоны атрымаць беларускую візу не так проста. Консульскі аддзел Беларусі ў Аўгустове не працуе з 2009 года, таму па візу палякам трэба ехаць у Беласток.

 

Сярод іншых праблемаў, з якімі сутыкаюцца еўрапейскія турысты, можна назваць адсутнасць эканамічнага жытла (невялікіх гатэляў і хостэлаў) ды дрэнна наладжаную структуру грамадскага харчавання (на выходныя многія рэстараны і кавярні закрытыя на спецабслугоўванне).

 

Канкураваць з суседзямі у плане аквапаркаў і горналыжных цэнтраў будзе сапраўды складана (у Беластоку і Друскеніках аб’екты існуюць даўно і карыстаюцца папулярнасцю не толькі сярод мясцовых жыхароў, але і гасцей з самой Беларусі), таму гродзенцы паралельна імкнуцца развіваць агра- і этнатурызм.

 

Беларускі бок арганізаваў адмысловы праект “Падарожжа ў этнаказку”, які падтрымала Сувальская сялянска-турыстычная палата (Польшча). Праект прадугледжвае стварэнне брашуры-даведніка з прозвішчамі народных майстроў. Гэта дапаможа турыстычным прадпрыемствам наўпрост звязвацца з імі, каб закупіць у якасці сувеніры іхнюю прадукцыю. Таксама плануецца пракласці праз тыя мясціны, дзе жывуць і працуюць народныя майстры, турыстычныя маршруты.

 

Сувальшчына ўжо мае добры прыклад. Створаныя тут “Вёскі казак” маюць высокі попыт сярод турыстаў.

 

Сярод найбольш важных пунктаў рэалізацыі беларуска-польска-ўкраінскага праекта – рамонт Літаратурнага музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна і развіццё Музея акадэміка Яўхіма Карскага ў гродзенскай гімназіі № 1.

 

Жабка-падарожніца ля турыстычнага цэнтра ў Гродне

 

Паводле колькасці аграсядзібаў Гродзенская вобласць займае чацвёртае месца ў краіне. У канцэпцыі развіцця агратурызму адзначаецца: “Турызм у рэгіёне аб’ядноўвае сучасную інфраструктуру з унікальнымі гістарычнымі і культурнымі каштоўнасцямі.

 

Магчымасці для развіцця аграэкатурызму тут вельмі разнастайныя і прывабныя. Акрамя таго, Гродзенская вобласць, у параўнанні з іншымі абласцямі рэспублікі, характарызуецца высокім сельскагаспадарчым патэнцыялам, што з’яўляецца спрыяльным фактарам для развіцця аграэкатурызму”.

 

Сёлета ў вобласці збіраюцца арганізаваць больш за 20 розных фестываляў, у тым ліку дабрачынных. Сярод ідэяў – фестывалі квасу, сыру, абрадавых рамёстваў і вулічных тэатраў. Ужо традыцыйным для Гродна стаў фестываль нацыянальных культур. На меркаванне экспертаў, падзейны турызм – гэта вельмі перспектыўны кірунак, але яшчэ слаба раскручаны ў Беларусі і ў Гродна ў прыватнасці.

 

Дарэчы, сёлета самому Гродна спаўняецца 885 гадоў, а гэта таксама добрая нагода для свята і, адпаведна, прыцягнення турыстаў.

 

Крыніца: n-europe.eu

Здымкі аўтаркі, а таксама Вячаслава Радзівонава (onliner.by), usebelarusy.by і з архіву “Твайго стылю”