Святары і дактары пагавораць пра хваробы, ацаленне і міласэрнасць
11 лютага з персаналам шпіталя сустрэнуцца святары каталіцкай царквы і пратэстанцкія пастары, прадстаўнікі праваслаўнай царквы таксама былі запрошаныя.
Як распавёў душпастыр службы здароўя Гродна ад рымска-каталіцкай царквы кс.Мікалай Ціхановіч, гэта першая падобная сустрэча.
Яе мэта – даць адчуць супрацоўнікам установы неабходнасць забеспячэння найлепшага догляду хворых, паказаць духоўныя аспекты аздараўлення, а таксама малітва за хворых.
Бальніца – месца сустрэчы розных культур, розных веравызнанняў, таму важны ўдзел у размове прадстаўнікоў розных канфесій. Неабходна, каб хрысціяне шукалі ўзаемаразуменне ў служэнні міласэрнасці.
Адкрые сустрэчу Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Кс. Мікалай Ціхановіч распавядзе пра шпіталь як месца Евангелізацыі, тэма выступу душпастыра гродзенскіх грэка-католікаў а.Андрэя Крата – “Пакаянне – шлях да ацалення”, пра важнасць Слова Божага нагадае пастар царквы поўнага Евангелля “Жывое слова” Дзмітры Малюкевіч.
Лютэранскі пастар Уладзімір Татарнікаў распавядзе аб тым, як у асобе хворага ўбачыць Хрыста.
Сусветны Дзень хворага адзначаецца 11 лютага з 1993 года.