Данута Бічэль: “Трэба разбурыць муры!”

|

Сёлетняя кніга з’яўляецца працягам зборнічка “На белых аблоках сноў”, падрыхтаванага выдавецтвам “Про Хрысто” яшчэ ў 2003 г. Кніга складаецца з вершаў духоўнага зместу, якія можна назваць рыфмаванымі малітвамі “…каб прасіць Бога, распавесці Яму аб нашых сучасных праблемах”, – адзначыла Данута Янаўна.

align=”middle” alt=”Данута Бічэль” >

“У беларусаў ёсць два духоўных гімны, напісаных жанчынамі: “Люблю мой край…” Канстанцыі Буйло ды “Магутны Божа” Наталлі Арсеневай. Мажліва і мой “Хлопчык і Бусел”, хаця б адзін вершык са зборніка, стане натхняльнай песняй,” – падзялілася спадзяваннямі паэтка.

Павіншаваць Дануту Бічэль з выхадам чарговай кнігі, які прыпаў акурат на 75-годдзе паэткі, прыйшлі прафесар Аляксей Пяткевіч, грэка-каталіцкі святар а. Андрэй Крот, паэт Анатоль Брусевіч (на здымках злева направа) ды іншыя. У канцы сустрэчы гурт “Людзі на Балоце” праспяваў некалькі песняў на вершы Дануты Бічэль, у тым ліку вядомую ўжо “Хлопчык і Бусел”.



“Мабыць нашыя душы адна адну неяк адчуваюць у духоўным сэнсе, – распавядае саліст гурта Алесь Дзянісаў, – бо калі ў 2003 годзе я атрымаў папярэдні зборнік, то адразу напісаў шэраг песень. Але мы з “Кальянам” тады “калбасілі” у стылі панк-рок, таму і песні засталіся на той момант незапатрабаванымі. З гуртом “Людзі на Балоце” мы абавязкова запішам гэтыя песні ў наступным альбоме.


За апошнія гады мае погляды значна пашырыліся: мне нецікава сядзець у андэграўндзе толькі дзеля андэграўнду, я не хачу сябе зводзіць да нейкай ідэалогіі, нават улічваючы маё “анархісцкае” мінулае. Наогул, некаторыя вершы Дануты Янаўны так напісаныя, што акурат яны, на мой погляд, могуць прывесці да Бога – ненавязліва і без фанатызму”.

На некаторыя пытанні “ТС” адказала і сама Данута Бічэль.


Чаму дамінуе менавіта духоўная тэма?

 

Я нарадзілася ў вёсачцы (в. Біскупцы Лідскага р-на – рэд.), дзе заўжды быў Бог, дзе была гэтая духоўнасць, дзе сям’ю не здолелі разбурыць – і яна трымалася на гэтай любові. Заўсёды можна было на некага спадзявацца: была ты галодная ці босая… знаходзілася нейкая цётка, якая накорміць ды пагрэе адмарожаныя лапкі.


Хіба яшчэ з савецкага часу пайшла тэндэнцыя пісаць беларускім паэтам больш на свецкія тэмы. Духоўных тэмаў зараз не хапае?

 

Так. Не хапае лірыкі нашай у касцёле, нават ксяндзоў паэтаў не хапае – хоць кожная малітва – гэта таксама паэзія. Паэзія мае быць рознай, хоць свецкая лірыка – вобразная, прыгожая, халодная – ўсё ж такі разбуральная. У нас забагата праблем – духоўных і грамадскіх. А словам трэба ствараць прастору любові.


Гурт “Людзі на балоце” выконвае песню на верш Дануты Бічэль


Пераходзячы да грамадскіх праблемаў: вы падпісвалі кнігі ды паштоўкі палітвязням-“маладафронтаўцам”, вашы песні спявае “паўлегальны” Алесь Дзянісаў… Паэт мае звяртацца да грамадскага жыцця?

 

Паэт мае быць у цэнтры грамадскай увагі. Калі ты ў баку, то добра пісаць, бо ніхто не перашкаджае, але дрэнна жыць. Кніжкі выходзяць тыражамі ў 300 экзэмпляраў, ляжаць у крамах духоўнай літаратуры нейкі час, але сувязь з шырокім чытачом губляецца. А трэба яе здабываць.


Якім чынам?

 

…І трэба разбурыць муры, як вы зараз спяваеце. Тую сцяну (Данута Янаўна паказвае на карціну Сяргея Грыневіча з выявай гарадзенскай турмы) трэба разбурыць і ўсё будзе добра. І тады ўжо збудаваць грамадства, збудаваць Беларусь.

 

 

Здымкі Яна Лялевіча