Акцыя дапамогі бяздомным жывёлам пройдзе ў Гродне ў Дзень усіх закаханых
Ідэю студэнтам падказала прафесар Бахія Дыфенбах, што прыехала ў Гродна з ЗША па абмене, ініцыятыву падтрымала адміністрацыя ўніверсітэта, і акцыя набыла агульнаўніверсітэцкі маштаб.
Акцыя пройдзе 14 лютага ў фае галоўнага корпуса ўніверсітэта (вул.Ажэшкі, 22) з 12 да 15 гадзін.
Студэнты і валанцёры “Адданага сэрца” заклікаюць далучыцца ўсіх, хто неабыякавы да лёсу безабаронных жывёл.
У часе мерапрыемства можна будзе абраць для сябе ката ці сабаку з каталогу выратаваных бадзялых жывёл, перадаць ашэйнікі, старыя коўдры, корм ці іншыя рэчы, неабходныя для дагляду катоў і сабак, якіх ратуюць валанцёры “Адданага сэрца”.
Пройдзе дабрачынны кірмаш.
Сродкі ад продажу прыгатаваных студэнтамі самаробных паштовак, плакатаў, мяккіх цацак, пойдуць на падтрымку дзейнасці гродзенскай арганізацыі абароны жывёл.
Арганізатары акцыі нездарма вырашылі яе правесці ў Дзень усіх закаханых.
Такім чынам яны спадзяюцца прыцягнуць да яе больш увагі: зрабіць добрую справу зможа кожны, хто прыйдзе набыць падарунак свайму каханаму ці каханай на дабрачынным кірмашы.