«Недзе ў ХХ стагоддзі»
«Бразілія» – хіба што галоўная стужка Тэры Гільяма. Ды што тут казаць, кожны рэжысёр, які зняў бы такое, мог бы адпачываць на лаўрах да канца жыцця – ён ужо ў гісторыі кіно. Антыўтопія, выклікаючая асацыяцыі з «1984» Джорджа Оруэла і насычаная элементамі творчасці Франца Кафкі, гэта фільм ад якога немагчыма адарваць вачэй. Вялізарныя шэрыя будынкі, як сімвалы зняволення. Рэтрафутурыстычная тэхніка, індустрыяльныя элементы, паліцыя, чымсьці нагадваючая нацыстаў, аўтазакі, амаль нашай айчыннай вытворчасці. Прыгожы, дапрацаваны візуальна стыль – сталая рыса фільмаў Гільяма: ад анімаваных заставак для Монці Пайтана, праз уласныя фантасмагорыі да экранізацый наркатычных раманаў і казак братоў Грым.
Але візуальная дасканаласць – толькі адзін бок поспеху ў кінематографе. Калі няма сэнсу – нават густ Жана-П’ера Жанэ, Марка Каро ці Тыма Бёртана не ўратуе перад правалам. Дзякуй ці то Богу, ці то сілам прыроды – хто ў ва што верыць – Гільяму хапае абодвух складнікаў. Ягоныя гратэск і абсурд – ідэальныя паплечнікі ў змаганні з любой уладай. З яе доўгімі калідорамі, сотнямі дзвераў, тысячамі чыноўнікаў – усёй гэтай бяздушнай машынай бюракратыі, якая захапіла краіну. Адна памылка ў друку – памірае нявінны чалавек. У вас сапсавалася тэхніка – толькі Цэнтральныя Паслугі маюць права рамантаваць яе. У вас іншае ўяўленне шчасця – тым горш для вас, бо нашае шчасце абавязковае для ўсіх.
Самае жахлівае, што ўцякаць няма куды. Ужо не засталося неадкрытых выспаў ці вольных пасяленняў. Дзяржава нахабна ўпіхваецца ў кожны дом і кажа нам, як жыць. Як так сталася, што адначасова з павялічэннем прасторы свабоды і магчымасцяў, мы адчуваем сябе ўсё больш скаванымі?
Стужка існуе ў некалькіх версіях і я настойліва раю глядзець еўрапейскую ці першую амерыканскую, якія доўжацца 144 і 132 хвіліны адпаведна. Спрошчаную амерыканскую версію на 94 хвіліны глядзець вельмі не рэкамендую – там нават канцоўка іншая. Так ужо склалася, што на карысць інтэлектуальнага, эмацыйнага і экзістэнцыйнага спакою жыхароў Новага Свету, вельмі часта ў ахвяру прыносяцца істотныя элеманты.
Фільм Гільяма пачынаецца словамі «недзе ў ХХ стагоддзі». Ці можам мы быць пэўнымі, што ўсё гэта не чакае нас у будучыні? Бо назва фільму амаль выпадковая і не датычыць нейкай канкрэтнай краіны. «Бразілія» – гэтак называецца галоўная музычная тэма фільма. Вясёлая лацінаамерыканская песня, што здзекліва гучыць ў свеце максімальна непрыстасаваным для шчаслівага жыцця. Але мы да апошняга верым у змены. Рэвалюцыя ў варот?
Фільм: Бразілія / Brazil, Вялікабрытанія, 1985 г., 132 хв.
Рэжысёр: Тэры Гільям
Жанр: антыўтопія
Асабістая ацэнка: 9 / 10