Хто дапаможа Чырвонаму Крыжу?

|

Месцам правядзення быў абраны Дзённы цэнтр Чырвонага Крыжа для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі па вул. Урублеўскага – фактычна, будынак інтэрната.


“Ну што, таварышы, будзем пачынаць…” – адкрыў паседжанне Леанід Лучына, гарадскі старшыня РГА “Белая Русь”. За круглым сталом сабралося каля 20 прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў  (“Беларускі фонд міру”, прафсаюзы “Азоту”, інш.), а таксама чыноўнікі з гарвыканкама. Прадстаўнікоў палітычных партый выяўлена не было…


Алена Русіновіч (на здымку), старшыня гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа, коратка распавяла аб традыцыйных акцыях арганізацыі: “Пачні дапамагаць вясной” (прыборка падворкаў самотным састарэлым людзям), “Збяры дзяцей у школу” (дапамога ў закупцы канцылярскіх прыналежнасцяў маламаёмасным сем’ям), “Апека” (праца з састарэлымі людзьмі ў хоспісах) ды іншых.

 

Абсалютная большасць праектаў рэалізуецца валанцёрамі, штатных супрацоўнікаў у Чырвоным Крыжы усяго чатыры: медсястра, старшыня, два намеснікі.

За 2012 год гродзенскі Чырвоны Крыж прыцягнуў 1 685 млн. рублёў інвестыцый ад сваіх партнёраў у Аўстрыі ды Нарвегіі. Дзяржава аплочвае фактычна толькі арэнду памяшкання. Рэшта – шэсць навучальных комплексаў мабільнай легатэкі, фінансаванне адпачынку для хворых дзяцей разам з бацькамі (агулам 38 чалавек), утрыманне рэсурснага цэнтру дапамогі, 9-дзённы лагер у санаторыі “Купалінка”… – усё за грошы заходніх донараў.

У еўрапейскіх краінах 50 і больш адсоткаў бюджэту арганізацыяў Чырвонага Крыжа складае дзяржаўная дапамога, у нас пакуль асноўная доля фінансавання паступае з-за мяжы.

 

Цікава, што згодна з беларускім заканадаўствам дзяржава можа аплочваць толькі адпачынак дзяцей, але не іх бацькоў. Адпачыць разам з татам ці мамай дзіцёнак, хворы, да прыкладу, на ДЦП, можа толькі дзякуючы недзяржаўным датацыям.


align=”left” alt=”Інэса Ларыёнава, Чырвоны крыж” >Інэса Ларыёнава, рэгіянальны каардынатар праекта падтрымкі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі пры Чырвоным Крыжы, распавяла аб некаторых праблемах арганізацыі:


“Пры наяўнасці фінансаў праблем няма. Ёсць некаторыя моманты, але яны на рэгіянальным узроўні не вырашаюцца: напрыклад, увядзенне ільгот па камунальных плацяжах.


Паводле заканадаўства мы можам ствараць першасныя арганізацыі ва ўстановах ды прадпрыемствах, каб там людзі хаця б раз на год ахвяравалі 1 альбо 0.5 адсоткі ад свайго заробку на Чырвоны Крыж. Яны рэгіструюцца, але, на жаль, не вельмі ахвотна.


За савецкім часам усе былі чальцамі Чырвонага Крыжа – мелі кніжачкі, куды ўклейвалі маркі аб складках. Тады фінансавае становішча арганізацыі, менавіта дзякуючы грамадзянам, было значна больш устойлівым.”

Цікава, што Чырвоны Крыж у Гродне, сярод іншага, дапамагае і бежанцам. Якім? У асноўным нелегалам, якія трапляюць у СІЗА гарадзенскай турмы – перадачкі, пошук перакладчыкаў, кантакт з сем’ямі. А яшчэ валанцёраў Чырвонага Крыжа можна будзе ўбачыць на матчы БАТЭ – “Фенербахчэ” 15 лютага.

 

У канцы сустрэчы руплівыя супрацоўніцы запрасілі гасцей прайсці ў спецыяльна абсталяваныя пакоі для гульняў ды адпачынку дзяцей. Жадаючых іх наведаць сярод чыноўнікаў і прадстаўнікоў арганізацый, на жаль, знайшлося няшмат.