Кола здароўя: жыццё ў чарзе, чалавек-ксеракс і іншыя атракцыі беларускай медыцыны

У пятай гарадской паліклініцы нічога не змянілася за некалькі год, што я там не была. Тая ж рэгістратура з папяровымі карткамі, той жа тэлефон, які з раніцы разрываецца ад званкоў жадаючых вызваць доктара дадому. Са змен (ужо даволі даўніх) толькі запіс да лекара праз кампутар ды друкаваны талончык.

 

Вялікія калідоры запоўненыя людзьмі з самага ранку. Аддзяленне прафілактыкі ці даўрачэбны кабінет, куды мне трэба, знаходзіцца на другім паверсе. Каля яго ўжо таксама натоўп.

 

Прадзіраючыся праз жадаючых зрабіць флюараграфію, займаю чаргу. Як і іншым, што стаяць у гэты кабінет мне патрэбна даведка аб прафаглядзе. Для таго, каб толькі атрымаць накіраванне для праходжання ўрачэй, трэба прастаяць у чарзе каля 40 хвілін. Лаваў на ўсіх не хапае.


Знаёмцеся, медсястра-ксеракс!

 

Нарэшце трапляю ў кабінет. У ім, акрамя выпісвання даведак і накіраванняў, месціццца яшчэ і тэрапеўт для цяжарных. Дзіўна чуць праблемы іншага чалавека, калі галоўнае – ўрачэбная таямніца. Нават не прыслухваючыся, чуеш скаргі цяжарных на дрэннае адчуванне і нейкія свае, асаюбістыя, праблемы. Становіцца няёмка.

 

Пакуль медсястра ўручную выпісвае накіраванні на аналізы, разглядаю інтэр’ер – карткі цяжарных, вялікая колькасць бланкаў, паперкі, паперкі, паперкі… Медсестра ўсё перапісвае. Потым, як аказваецца, вынікі аналізаў таксама некалькі разоў перапішуцца ўручную ў картку, у нейкі бланк, і яшчэ раз, каб пакінуць рукапісную копію ў кабінеце.


“Я нібы той ксеракс, – сумна жартуе медсястра, перапісваючы ўжо 10 хвілін аналізы чарговага наведвальніка, які забег “толькі забраць вынікі” і які вельмі нярвуецца, што так доўга і марудна ўсё атрымліваецца. – Такі парадак”.

 

Няўжо не лягчэй было б паставіць кампутар, уносіць туды дадзеныя і раздрукоўваць колькі трэба разоў? Маё пытанне здаецца медсястры такім наіўным і надарэчным, што яна, змерыўшы мяне позіркам, проста нічога не адказвае.


Дэрматолага тут няма

 

Медкамісія платная. Кошты розныя – ад 80 да 110 тысяч. Мая каштуе акурат 110. Іду аплочваць у касу, думаючы аб тым, што, напэўна, гэта добра – бясплатная медыцына. Аднак, ці надоўга?

 

Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў пачатку лютага з міністрам аховы здароўя Васілём Жарко, заявіў, што дзяржаўныя выдаткі на медыцыну трэба аптымізаваць, і намякнуў, што ад бясплатнай медыцыны калісьці трэба будзе адыходзіць.

 

Зараз жа, нават заплаціўшы грошы, наўрадці адчуеш розніцу ад абслугоўвання: да спецыялістаў тыя ж чэргі, у працэдурныя кабінеты – таксама. Добра, што пэўны час урачы працуюць толькі для тых, каму патрэбна прайсці медкамісію.

 

Аднак, не ўсе спецыялісты ёсць у паліклініцы, таму праходзіць іх прыходзіцца ў іншых установах. Здавалася б, вялікі будынак, пабудаваны не так даўно, павінен быць ўкамплектаваны ўсімі спецыялістамі. Але дэрматолага тут няма.


“Я толькі спытаць!”

 

Да тэрапеўта, які падпісвае вынік камісіі, трэба стаяць у агульнай чарзе. Тут пачынаецца самае цікавае. Узяць талончык – паўпраблемы. Доктар не паспявае прымаць пацыентаў па адведзеным часе. Гэта проста немагчыма фізічна. Адразу ўспамінаюцца ўсе паперкі, што трэба запоўніць. У чарзе назраваюць канфлікты.

 

“Вас тут не было!”“А на колькі ў вас талончык?”“Куды вы пайшлі?”“Я толькі спытаць!”

 

І так кожны раз. Людзі нэрвуюцца і злуюцца. Якое тут здароўе!

 

Тым больш, па звестках агенцтва Bloomberg Беларусь апынулася на 91 месцы сярод 145 краін у рэйтынгу па стане здароўя жыхароў. Рэфармаваць нашую медычную сістэму трэба. Але для гэтага патрэбны грошы.

 

Па дадзеных Агенцтва палітычнай экспертызы, у апошнія пяць год дзяржава вылучала на ахову здароўя каля 5% ад ВУП, у грашовым выражэнні гэта склала прыкладна 320 даляраў на душу насельніцтва ў 2012 годзе, а ў 2011 годзе і таго менш – 225 даляраў. Варта адзначыць, што гэтая сума ўтрая менш, чым у суседняй Польшчы, і ў 14 з лішнім раз – чым у Германіі.

 

Згодна з рэспубліканскім бюджэтам, у 2013 годзе на ахову здароўя будзе накіравана каля 2,9 млрд даляраў. Для параўнання: у 2012 і 2011 гадах было накіравана 2,5 млрд і 2,25 млрд даляраў адпаведна. Сума стала большай, але наўрадці яе хопіць на сапраўднае рэфармаванне медыцыны, хутчэй проста на падтрыманне існуючай сістэмы. А гэта значыць, што сітуацыя з чэргамі, недахопам спецыялістаў ды месца ў нашых паліклініках будзе працягвацца.

 

Возьмем прыклад з “Псіхіятрыі-наркалогіі”?


Раён, які адносіцца да пятай паліклінікі, толькі разрастаецца. Тут у хуткім тэмпе будуюццца новыя дамы. Значыцца, наведвальнікаў будзе толькі больш. Аднак, як і раней, даязжаць туды не вельмі зручна. З маршрутак ходзіць туды хіба толькі адна 35-ка. Ці справіцца гэтая ўстанова?


“Я б заплаціла грошы, толькі каб не стаяць тут, закрыць ужо гэты бальнічны, а то так можна і захварэць па другім разе”, – кажа мая суседка па чарзе. Аднак зрабіць гэта не ўдасца – медыцына бесплатная. Платным цэнтрам пакуль нельга выдаваць лісткі часовай непрацаздольнасці, а на рэфармаванне медыцыны ў цэлым грошы не выдзеленыя.

 

Затое, самыя добрыя і мілыя ўрачы – нарколагі і псіхіятары, якіх таксама трэба прайсці для медкамісіі. У Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіатрыя-наркалогія” справа ідзе больш шпарка. Праходжанне гэтых спецыялістаў для любых камісій – паслуга платная. Кашуте 10 200 і 10 500. Разлічваюць адразу на касе. Чэргі ідуць хутка, ўрачы ветлівыя ды ўсміхаюцца. Можа адтуль трэба браць прыклад?

 

Здымкі grodnonews.by i grsmu.by