Як прайшоў Дзень роднай мовы ў Ліцэі №1

З 7.30 раніцы да 8.00 на ўваходзе ліцэістаў сустракалі дзяўчаты з віншаваннямі ды налепкамі з літаркай “Ў” для кожнага. На перапынках гучала беларускамоўная музыка, якую спачатку ўключалі настаўнікі – выступы беларускіх зорак з пераспевамі сусветных хітоў – Эскуі Абалян з “Эўфорыяй” ды “Новы стыль” на матыў Gangnam Style. Пасля ўжо самі вучні на сваіх мабільніках пускалі Vinsent’а ды Hand-Made.

 

Налепку з Ў атрымліваў кожны

 

У сталоўцы паводле дырэктарскага загаду меліся быць дранікі ды іншыя беларускія стравы. Меню таксама пераклалі на беларускую.


“Кісель спачатку хацелі пераіменаваць у жур, – каментуе метадыст Алена Фіронава, – але высветлілася, што апошняя назва выкарыстоўваецца выключна для аўсянага кіселю, таму так і пакінулі: “кісель”. Зрабілі таксама курыцу ў яйках, але вельмі хутка ад яе нічога не засталося – дзеці размялі пад “Смачна есці”.

 

На ўроках фізкультуры вучні ўпершыню чулі: “Крокам руш”, “Рукі ў бокі!” ды іншыя каманды. Матэматыка ды фізіка, нягледзячы на няпростую тэрміналогію, таксама прайшлі па-беларуску. Урэшце, дзеці самі для сябе праводзілі віктарыны на веданне роднага краю.


“Мэтай была прапаганда беларускай мовы, – тлумачыць Фіронава. – Трэба было паказаць, што мова можа паспяхова выкарыстоўвацца ў моладзевых стасунках, што гэта не акадэмічная дысцыпліна, а цалкам утылітарная штодзённая рэч”.

 

Дзень роднай мовы ў ліцэі выклікаў цікавасць СМІ

 

Дзеці спрабавалі размаўляць па-беларуску, хоць і не заўсёды гэта атрымлівалася адразу: часта пралазілі расейскія ці нават польскія слоўцы. Прынамсі адкрыта негатыўна да ініцыятывы ніхто не паставіўся. Частка настаўнікаў таксама адгукнулася на прапанову і ў міжасабовых стасунках карысталася беларускай. Усім у прыклад выключна па-беларуску размаўляў дырэктар Андрэй Панцэвіч.

 

У 1990-я беларускія гумананітарныя класы на базе першага ліцэю размаўлялі па-беларуску штодня і для іх гэта не было падзеяй. Зараз жа пераход на родную мову ў навучанні ды стасунках нават на адзін дзень пакідае шмат эмоцыяў ды ўражанняў у сучаснага пакалення ліцэістаў.

 

Здымкі аўтара і прадстаўленыя ліцэем