Віктар Шалкевіч: “Люблю адкрыць для себя нешта нямоднае, чаго ўжо ніхто не слухае”

Адкрываюцца дзверы адной з грымёрак і ў пляме святла з’яўляюцца усмешлівыя дзяўчыны. Няма сумневу ў тым, каго яны клічыць.

 

Вядомы бард, актор, паэт і шоўмэн Віктар Шалкевіч ідзе наперадзе і толькі махае рукой. Я крочу за ім, ледзь-ледзь паспяваючы. Хуткая хада, упэўнены крок. Мы ідзем далей, шукаючы, дзе можна паразмаўляць. Усе грымёркі занятыя. Хутка спектакль. У вось акурат у залі пакуль нікога няма.

 

“Па-багатаму”, – кажу я, аглядаючы новыя крэслы, абабітыя аксамітам. “Так”, – усміхаецца Віктар.

 

 

Сядзець у пустой залі, калі вакол ідзе падрыхтоўка да спектакля, калі вось-вось будынак тэатра напоўняць звонкія галасы маленькіх гледачоў, неяк асабліва прыемна і незвычайна. Для мяне незвычайна.

 

23 лютага ў гэтай самай залі пройдзе канцэртная прэзентацыя новай кнігі гарадзенскага барда “Мястэчка G… …і ваколіцы…”. А квіткоў ужо тыдзень як няма.

Пра кніжку і маё першае пытанне. Чаму прэзентацыя ў Гродне будзе праходзіць толькі зараз?


Віктар Шалкевіч: Так атрымалася, што я яе прэзентаваў ужо дастаткова даўно. У Беластоку, Мінску і нарэшце ў Гродне. Чаму толькі зараз? Не было часу, па шчырасці. Ды і тэатр быў на рамонце. Зараз ёсць месца, тэатр дзейнічае і не трэба мыкацца па чужых кутах.


Кажуць, што яе не вельмі хваляць…

 

Кніжка не чырвонец, каб усім падабацца (смяецца). Так і трэба, яна павінна камусьці падабаецца, а камусьці – не. Гэта натуральна.

 

Яна напісана пра людзей і падзеі, што адбываліся цягам другой паловы ХХ стагоддзя ў нашым горадзе. Пра гарадзенцаў ды для гарадзенцаў.


Што чакаць гарадзенцам ад канцэрта?

 

Будуць простыя, гарадзенскія песні.


Здымак Serge Serebro, wikimedia.org


Як прайшоў канцэрт у Мінску, якая публіка была?

 

Я ніколі ў жыцці не думаў, проста не задумваўся, якая публіка да мяне прыходзіць, а вось калі людзі падыходзяць пасля канцэрта падпісваць кніжкі ды альбомы, я проста назіраю, што гэта за публіка. Раней былі носьбіты нацыянальнай ідэі, дэмакраты, а зараз прыходзяць нейкія прыемныя маладыя людзі, закаханыя пары.


А гэта цешыць, што іншая публіка прыходзіць?

 

Справа ў тым, што публіка ў мяне заўсёды ёсць, і яна цалкам нармальная. Проста раней была адна, зараз другая, якая разбіраецца ў адценнях, у колерах ды падколерах, інфрачырвоным, ультрамарыне. Раней жа толькі ў чорным, белым, чырвоным…

 

А зараз яна проста другая, іншая… Цешыць мяне ў першую чаргу тое, што ўсё нармальна пайшло пасля таго, як я пачаў спяваць свае песні ў спектаклі Купалаўскага тэатра “Местачковае кабарэ”. Гэта адразу дало нейкі штуршок, раптам пачалі з’яўляюцца новыя рэцэнзіі пасля канцэртаў, нейкая крытыка.


Гэта добра?

 

Гэта заўсёды добра! Я ж сам разумею, якія бакі ў мяне моцныя, якія слабейшыя.


Дык ці ёсць чаму яшчэ павучыцца?

 

Не ведаю. Вучыцца трэба толькі ў жыцця. Гэта самае галоўнае. Заўсёды трэба назіраць за жыццём і рабіць нейкія высновы з таго, што адбываецца.


У Гродне Віктар Шалкевіч вядомы як зорка “Тутэйшых” – спектакля, які ўжо шмат год не сыходзіць са сцэны


Якія планы на будучае?

 

Шчыра кажучы, не ведаю, якія ў мяне планы. Абавязкова напішуцца новыя праграмы, а значыць, будуць і новыя канцэрты. Я ж у тым стане зараз, калі не я шукаю працу, а праца шукае мяне. Канешне, у нейкі час я вельмі загружаны. Бывае, тры-чатыры дні працую запар. Але, сапраўды, я не  чакаю нічога ад жыцця, толькі працы.


Ведаючы аб тым, што музыка натхняе, а Віктар Шалкевіч мае дастаткова вялікую калекцыю дыскаў, я не магла не спытаць, якую музыку зараз ён слухае.

 

Я ўжо даўно акрэсліў свае прыярытэты. У асноўным слухаю класіку: Баха, Гендэля…


Памятаю, у вас вялікая калекцыя музыкі…

 

Дык яна толькі павялічваецца! Кожны раз, калі я куды-небудзь еду, прывожу сабе дыскаў 10-20. Ёсць некаторыя рэчы, якія я б яшчэ пашукаў. Напрыклад, не ўсё у мяне ёсць Гендэля. Гэта мяне цікавіць.

 

Час ад часу я люблю адкрыць для себя нешта старое, нямоднае, чаго ўжо ніхто не слухае. Напрыклад, Глорыя Гейнар, была такая дыска-дыва ў канцы 80-х – пачатку 90-х. З новых гуртоў ды выканаўцаў не ведаю нават. Асабліва з беларускіх.

 

Калі быў на апошняй бардаўскай восені, уважліва слухаў, але не скажу, што хтосьці больш спадабаўся, хтосьці – менш. Яркіх асоб, на жаль, няма. Як кажуць, наборшчык павінен рассыпаць шрыфт, каб атрымлася “Іліяда” Гамера. Тут тое самае. Была эпоха, былі людзі. Зараз жа эпохі няма і людзей няма. Менавіта эпоха нараджае нешта асаблівае. Тут жа як: не самае асноўнае спяваць па-беларуску, галоўнае – добра спяваць.

 

Гарадзенскі Тэатр Лялек

 

Здымкі (калі не пазначана інакш) з старонкі Тэатра Лялек УКантакце