Кроў, пот і слёзы або Партызанка ў 1863

Пачатак ліпеня 1863, нядзеля, раніца. Пачынаецца служба ў царкве ў Рудавах. Немалады святар шэпча малітву над тоўстым фаліянтам, безбароды дыякан рыхтуе ладан для кадзіла, людзі – абмяркоўваюць апошнія навіны: надвор’е, смерць сваяка, прыплод скаціны ды… узброеных людзей, якіх нядаўна бачылі ў лесе.

 

Раптам дзверы адчыняюцца. У храм адзін за адным уваходзяць каля 30 узброеных хлопцаў, са стрэльбамі за плячыма ды крамянёвымі пісталетамі за пасамі. У руках у некаторых – пацёртыя канфедэраткі са срэбранымі гербамі Рэчы Паспалітай.

 

Перахрысціўшыся разыходзяцца паміж лаваў, нехта запальвае свечку. “Во імя Отца і Сына і Святаго Духа…” – крыху разгублена пачынае бацюшка. Некалькі інсургентаў па загадзе цікуюць звонку, узяўшы аўса для коней. Па сканчэнні службы кіраўнік атраду папросіць яшчэ паставіць для сваіх байцоў самавар…

 

Дадзены эпізод падрабязна апісаны ў адным са службовых рапартаў мясцовага чыноўніка гродзенскаму генерал-губернатару фон Галеру. Зайсці ў вёску, адстаяць усю службу ды яшчэ адпачыць пры самавары – досыць рызыкоўны ўчынак, улічваючы, што казацкія раз’езды маглі тут з’явіцца ў любы час. Ды і з мясцовых мог здаць нехта.

 

Адначасова дадзены выпадак сведчыць акурат пра даверлівыя адносіны паміж паўстанцамі ды вяскоўцамі, што абвяргае міф аб “шляхецкім” паўстанні, якое было недаспадобы “хлопам”.

Бывала і па-іншаму. Яшчэ ранняй вясной з 30 па 31 сакавіка 1863 года ў лясніцтве прапаршчыка Дэльпанса атрад інсургентаў адабраў у двух стралкоў два казённых ружжа, два цесакі і патранташы. Далей знаходзім звесткі аб тым, што 20 красавіка каля 200 інсургентаў прыйшлі ў мястэчка Азёры, дзе ў адстаўнога палкоўніка адабралі два ружжа, а ў мясцовага ляснічага отобрали и сожгли ценные бумаги, забрали 316 руб. за продажу леса, 134 руб. на постройку дома и 25 руб. 30 коп. остаточных с 1862 года и собственных 125 руб., а также 55 ружей, 2 тесака, 2 ружья со штыками, 2 двуствольных ружья, одноствольное ружьё, револьвер, 2 пистолета, пороху 22 фунта, пуль 25 фунтов, два тома законов и казённую писать.

 

Заўважым, што дадзеныя выпадкі тычацца прадстаўнікоў расейскай адміністрацыі. Палясоўшчыкі і адстаўныя ваенныя былі ідэальнымі аб’ектамі для нападу, бо мелі службовую зброю і жылі адасоблена. Пры гэтым “ахвяр” не забівалі, а проста разаружалі – так паўстанцы ліквідавалі недахоп амуніцыі. 55 ружжаў – зброя на цэлы атрад!

 

Часам паўстанцы не абмяжоўваліся рэквізіцыяй: царскія стралкі меліся выконваць яшчэ функцыі праваднікоў ды “здаваць” сваіх таварышаў, якія паўтаралі іх лёс. Дакуманты кажуць, што 26 красавіка 1863 года ў 5 гадзін раніцы да стралка Міхаіла Мартынава Грыга ва Узбераж (чыгуначная станцыя недалёка ад Парэчча) прыбылі 14 узброеных мяцежнікаў. Адабралі казённае ружжо, шаблю, патронніцу ды яшчэ прыватную стрэльбу. Далей паўстанцы прымусілі яго правесці іх да мясовасці Ягор Гродзенскага лясніцтва, пасля чаго адпусцілі.

Каля 8 раніцы ў гэты ж дзень паўстанцы прыбылі ва ўрочышча Ельнік да стралка Казіміра Осіпава Тамашэвіча. Правялі рэквізіцыю, а затым прымусілі правесці да ўрочышча Бабіна да стралка Грыгорыя Хоха. Адтуль, скарыстаўшыся момантам, Тамашэвічу ўдалося ўцячы…

 

Завітвалі мяцежнікі і да памешчыкаў. 14 ліпеня 1863 года, каля 2 гадзін ночы, у двор маёнтка пана Аліевіча прыйшлі каля 40 інсургентаў ды абудзілі прыказчыка Астраўха. Пачалі патрабаваць гарэлку, але той ім адмовіў. Тады паўстанцы самі зайшлі ў памяшканне для працоўных, узялі 4 хілбы і зніклі. Заўважым, што нават у выніку адмовы мяцежнікі нікога не забілі, а маёнтак не спалілі – справы паміж мясцовымі часцей за ўсё вырашаліся без крыві.

 

Вось яшчэ адзін тыповы выпадак: 15 ліпеня 1863 года каля 30 ўзброеных інсургентаў прыбылі ў маёнтак Заблоць (знаходзіўся паміж вёскамі Путрышкі і Русота), запатрабавалі вядро вады, а таксама ўзялі паўфунта мыла – даволі сціплы набытак, лічы самае неабходнае.

 

Здараліся, аднак, і больш брутальныя выпадкі. 15 траўня 1863 года з вёскі Шушы ў маёнтак Пагарэнда (хутчэй за ўсё Пагараны, недалёка ад Свіслачы), які належаў Івану Умновічу (прозвішча ў справе напісана неразборліва) і яго сыну Якаву, які з’яўляўся памочнікам стралка, уначы заявіўся атрад інсургентаў з косамі пад кіраўніцтвам невядомага капітана і прабыў там двое сутак.

 

За гэты час капітан двойчы загадваў павесіць гаспадара, якому было 67 гадоў. Старога дапытваліся, куды ён схаваў нейкага Гарбачэўскага, пра якога гаспадар нічога не ведаў. Затым яго прывязалі да дрэва, імітуючы падрыхтоўку да павешання, але пасля запалохванняў адпусцілі.

 

Капітан таксама дапытваў астатніх чальцоў сям’і. Загадваў біць: спачатку нагайкай, потым розгамі. Стралецкі селянін Ульян атрымаў 200 удараў. Тое самае было і з Якавам, памочнікам стралка і сынам гаспадара маёнтка, які атрымаў каля 400 удараў. У хуткім часе ў маёнтак былі накіраваны расейскія салдаты…

 

Сваю ролю тут верагодна адыграў факт прыналежнасці сына Якава да расейскай адміністрацыі. Пры гэтым незразумелай з кантэксту застаецца гісторыя з Гарбачэўскім, які быў так патрэбны капітану інсургентаў. Хто гэта наогул? Паўстанец? Акупант? Здраднік?

 

Да таго ж з рапарту відаць, што атрад быў узброены косамі, то бок складаўся з сялян. Магчыма, нехта з іх за часамі прыгону належыў Івану Міхайлавічу, які мог паводзіць сябе як дэспат у стасунках са сваімі “мужыкамі” ды іх сем’ямі. Вядома, напрыклад, што там-сям на Заходнім Палессі ў ХІХ ст. да адмены прыгону яшчэ дзейнічала “права першай ночы”…

Са сваімі апанентамі паўстанцы амаль заўсёды дзейнічалі жорстка. Тых жа, хто спачуваў справе паўстання, “лясныя браты” абаранялі. Так, 4 ліпеня 1863 года атрад колькасцю каля 30 чалавек прыйшоў у валасное ўпраўленне Луненскай воласці (сучаснае Лунна, недалёка ад Скідзеля) і напаў на старшыню Івана Манішку, бо той загадаў арыштаваць селяніна Івана Алізара, які заклікаў сялян да невыконвання загадаў мясцовых улад. Старшыню збілі і павезлі ў невядомым напрамку.

 

Дзеянні партызанаў 1863 года нельга ацэньваць з пункту гледжання крымінальнага права таго часу альбо бытавой маралі. Паўстанцы жылі ва ўмовах вайны, няхай і не пазіцыйнай, без вызначанай лініі фронту ды акопаў, але таксама з ахвярамі ды штодзённым рызыкам.

 

Адносіны да людзей у такой сітуацыі вызначаюцца простым алгарытмам “свой/чужы”. З гэтай прычыны спробы прадставіць інсургентаў 1863 года “бандытамі”, як з боку тагачаснай царскай адміністрацыі, так і сучаснымі разумнікамі, з’яўляюцца не больш як прапагандысцкім ходам.

 

У рэшце рэшт, нямецкая акупацыйная адміністрацыя савецкіх партызан (так шанаваных сёння ў РБ), “краёўцаў” альбо паўстанцаў УПА, інакш як “бандытамі” таксама не называла. Пры гэтым, існаванне падпольнай арміі, са сваёй іерархіяй, структурай, дысцыплінай і, галоўнае, ідэяй – аўтаматычна пераносіць яе байцоў з разраду “крымінальнікаў” да камбатантаў.

 

Не будзем забывацца таксама на той факт, што беларускую нацыянальную ідэю, з усіх вышэйпералічаных партызанскіх фармаванняў, падтрымлівалі на нашых землях выключна паўстанцы Каліноўскага.