На “Варштаце ідэй” дыскутавалі пра брэнд горада

|

Урбаністыка і выкарыстанне гарадской прасторы – модныя і запатрабаваныя зараз накірункі працы шматлікіх арганізацый і асобных навукоўцаў: гісторыкаў, архітэктараў, антраполагаў, мастакоў.

 

Новае разуменне сацыякультурнай ролі горада, адчуванне сябе ўнутры мегаполіса ці невялікага правінцыйнага мястэчка, вывучэнне тых змен у гарадской прасторы, якія дыктуе час – вось што хвалюе сучасных еўрапейскіх даследчыкаў.

 

Гэтыя новыя працэсы не абмінаюць і Беларусь, аднак, ідуць павольна і крыху інакш, сыходзячы са спецыфікі сённяшняга развіцця нашай краіны. Гэта адбываецца з-за таго, што гараджане могуць толькі абмежавана ўплываць на змены ў сваёй гарадской прасторы. Аднак, спробы зразумець, куды рухацца і што рабіць, ёсць ужо зараз.

 

Сярод такіх спроб – “Варштат ідэй”.

 

“Асноўнымі задачамі Варштата з’яўляюцца не толькі атрыманне ведаў і вывучэнне досведу іншых людзей, але і заахвочванне ўдзельнікаў зрабіць свой унёсак у захаванне спадчыны Гародні, – нагадала Таццяна Касатая. – А праца нашая больш нагадвае сяброўскія сустрэчы”.

 

На ўсе сустрэчы нязменна запрашаліся эксперты ў сферы гісторыі, краязнаўства, архітэктуры і аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Былі тут і антраполаг Сцяпан Стурэйка, і гісторыкі Андрэй Вашкевіч ды Андрэй Чарнякевіч. За другі сезон сустрэч удзельнікі абмеркавалі шмат цікавых пытанняў: ад распрацоўкі метадаў папулярызацыі сваёй гісторыі да “Феномена архітэктурнай спадчыны”.

 

Апошняя сустрэча была цалкам прысвечана брэнду горада. Удзельнікі імкнуліся зразумець, што гэта такое, для каго яго распрацоўваюць, для чаго ён патрэбны. У адрозненні ад мінулых лекцый, гэтую сустрэчы зрабілі больш інтрактыўнай. Калі раней быў адзін ці некалькі выкладчыкаў і слухачы, то зараз выкладчыкамі былі ўсе.

Атрымалася жывое абмеркаванне і нават сваеасаблівы круглы стол. Удзельнікі дзяліліся тым, што для іх брэнд горада. Нехта называў асоб: Віктара Шалкевіча, Стэфана Баторыя, Вітаўта, нехта ўзгадаў прамысловасць, нехта казаў пра старыя вуліцы і гісторыю.

 

“Калі мы распрацоўваем нейкі брэнд, трэба памятаць пра розных людзей, пра ўсіх гарадзенцаў. Бо для адных гэта культурная спадчына, для іншых – прадпрыемствы. Трэба ўлічваць усе меркаванні”, – падзяліўся адзін з удзельнікаў.

 

Распрацоўка брэнда горада, не толькі Гродна, зараз вельмі модная тэма. Напрыклад, для Мінска распрацоўваецца нават сваесаблівы пах! Якім ён будзе, пакуль невядома.

 

Дарэчы, ідэя стварыць брэнд Гродна актыўна абмяркоўваецца на самым версе, у органах мясцовай улады. Ён яшчэ ў распрацоўцы, але ў афіцыйных колах папулярызуецца ідэя “аленя” ў розных варыяцыях, як сімвала горада. Аднак меркаванне жыхароў тут павінна быць на першым месцы. Таму важна зразумець і акрэсліць, што хочуць бачыць звычайныя гараджане.

 

Здымкі Яна Лялевіча