Каліноўскі, Ажэшка, Ян Павал ІІ …на сценах Гродна

|

Кожны былы ці дзейсны актывіст нефармальных арганізацый ці рухаў мімаволі прыглядаецца да сценаў – на прадмет налепак, графіці, трафарэтаў… Напаўзамытыя “Выбірай!” дзесяцігадовай даўніны або калюмны з лаканічным подпісам “Край” – справа мінулага. Што актуальна сёння? Хто наогул працуе ў горадзе?

У адным з мікрараёнаў давялося пабачыць серыю партрэтаў выбітных дзеячоў разам з цытатамі пад кожным. “Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным” – побач з Быкавым. “Заўсёды ёсць час ведаць і казаць праўду” – гэта Ажэшка. “Не народ для ўрада, а ўрад…” – тут каментароў не трэба.

Тэндэнцыя рабіць трафарэты з нацыянальнымі дзеячамі дала пра сябе ведаць улетку 2011 у Мінску. Храналагічна акурат супала з маўклівымі акцыямі ды ўзлётам папулярнасці Ляпісаў. Тады, спачатку ў Мінску, а пасля і ў рэгіёнах пачалі з’яўляцца партрэты Луцкевіча, Быкава, Багдановіча побач з выказваннямі ды радкамі вершаў. “Твайму стылю” ўдалося тады паразмаўляць з іх аўтарам, мастаком Dream’ам.

Доўга такія праявы творчасці ў гарадскім ландшафце не затрымліваюцца. Больш-менш трывалым у Гродне аказаўся трафарэт ажно з двума куплетамі “Маўзэра” каля румлёўскага мосту – побач з ім час ад часу нават фатаграфаваліся мінакі (зрабіў гэта і аўтар тэксту – вынікі вы бачыце на здымку).

Згасне тэндэнцыя ці будзе мець свой працяг? Паглядзім.

У кампанію выбітных дзеячоў трапіў чамусці Гамэр Сімпсан…

 

Фота аўтара і Валеры Руселіка