“РНЕ-шнікі казалі, што прадставіла іх прыдуркамі”

|


Як пачыналася легендарная “БІ”?

 

Пачыналася, як ва ўсіх у 90-я: сабралася група аднадумцаў, якія не ўяўлялі, што такое бізнэс. Затое дакладна ўяўлялі, што такое нармальная газета. Зрабілі складкі – хто што змог: грошы, ідэі, кампутары, вопыт… І ў канцы лютага выйшла газета.

 

Чым праца ў 90-х кардынальна адрознівалася ад працы зараз?

 

Кардынальныя адрозненні… Іх, мабыць, два. Першае, наяўнасць нармальнага канкурэнтнага асяроддзя: тады ў Гродне выходзіла знакамітая “Пагоня”, сімпатычны штотыднёвік “Гродненская неделя”, камерцыйная «Інфа-біржа», абласная газета, вядома. Таму не было калі “спаць у шапку”, трэба было стаць незвычайнай газетай, правільнай, еўрапейскай: для ўсіх і пра ўсё.

 

Другое, наяўнасць чытача. Вядома, у канцы 90-х ужо адчуваўся вялікі ціск на грамадскую свядомасць з боку афіцыйнай ідэалогіі. Але “тыя” чытачы выйшлі з перабудовачных гадоў, яны былі дапытлівымі, мелі сваё меркаванне…

 

Сёння “тыя” проста стаміліся. Моладзь вырасла на вузкай “берагавой лініі”, заціснутая паміж акіянам інтэрнэту і, з другога боку, джунглямі ідэалагічнага цемрашальства.


align=”middle” alt=”Алена Раўбецкая, фестываль Твой стыль” >

На фестывалі моладзевай журналістыкі “Твой стыль” у 2010 годзе


Рэгіянальная журналістыка наогул можа быць прэстыжнай? Што вы скажыце тым мясцовым журналістам, якія спрабуюць прарывацца ў Мінск?

 

Можа, вядома. Што ў нас такое “прэстыж” – узровень заслуг перад грамадствам (смяецца), абвяшчаюць слоўнікі.

 

Хіба грамадства ў нас засяроджана ў сталіцы? Яно паўсюль, і ў Гродне, і ў Скідзелі, і ў вёсцы Гумбачы. Наколькі журналіст заслугоўвае гэтага прызнання, настолькі яго праца і прэстыжная.

 

А імкненне ў Мінск, у сталіцу – цалкам натуральнае жаданне расці. І яго я таксама вітаю. Дарэчы, чаму толькі Мінск? Ёсць яшчэ вельмі “газетныя” гарады – Нью-Ёрк, напрыклад, Лондан … Усё нармальна.


Гродна – рэкардсмен па працэсах супраць журналістаў за “абразу прэзідэнта”, чаму?

 

О! Мае любімае пытанне. Я думаю, ніхто ў Гродне прэзідэнта не абражаў, а таксама на яго не паклёпнічаў. Наогул, журналісты незалежных СМІ выказвалі сваё меркаванне адносна першай асобы, і толькі. А ўжо што гэта асоба прымае за абразу, яго справа. Гэта падобна да… Паспрабую растлумачыць.

 

Ведаеш, у нас не існуе нармальнага звароту да асобы жаночага полу: “дзяўчына”, ці “жанчына”. Такі вось біялагічны аспект звароту. Прыехаўшы з Піцера, я па-піцерскаму ўзору звярнулася да жанчыны ў чарзе ў банку: “Дама …”. А яна як заверашчыць на мяне: “Якая я табе, б…, дама!”. Абразілася, відаць.

 

А рэкардсменам Гродна стаў, магчыма, таму што ўзровень унутранай свабоды гарадзенскіх журналістаў высокі, гэтак жа, як высокі ўзровень пільнасці гарадзенскіх праваахоўнікаў (смяецца).


Вы за сваю працу сутыкнуліся з пераследам з боку ўлад, а ці былі выпадкі ціску з боку бізнесоўцаў, крымінальнікаў, … РНЕ (маю на ўвазе вядомае інтэрв’ю з іх лідарамі)?

 

Не. РНЕ, дарэчы, таксама абразіліся пасля аднаго майго вялікага артыкула. Казалі: “Вы нас нейкімі прыдуркамі у інтэрв’ю прадставілі”. Я ім: “Вы ж чыталі інтэрв’ю да публікацыі, я ні слова не змяніла”. Яны мне ў адказ: “У газеце неяк па-іншаму…” У газеце і праўда па-іншаму, як быццам друкаванае слова набывае пэўную “свінцовую” (смяецца) вагу.

 

А бізнесоўцы… Калі выхад “БІ” прыпынілі, прадпрымальнікі сабралі 500 подпісаў у абарону і адаслалі ў Міністэрства інфармацыі. Гэта для нас было наогул адкрыццём. Зашуганыя правяральшчыкамі і кантралёрамі, а столькі подпісаў паставілі: з прозвішчамі, адрасамі. Пра крымінальнікаў не скажу, не паверыце.


Вы працавалі ў тым ліку і за мяжой. Смеласць – якасць патрэбна журналісту толькі ў Беларусі? Чым прынцыповы адрозніваецца ад нашай праца СМІ, напрыклад, у Расіі ці Украіне?

 

Смеласць – вельмі карысная якасць не толькі для журналістаў. Яна вельмі дапамагае ў жыцці. Часам смеласць “сярод сваіх” ледзь не важнейшая, за смеласць сярод чужых.

 

Прынцыповае адрозненне СМІ ў краінах-суседзях –  палітра гэтых СМІ. У мінулым годзе я працавала ў Орску (невялікі горад у Арэнбургскай вобласці), там дзве прыватныя газеты + нейкія афіцыйныя, адміністрацыйныя і г.д. У Кіраве – некалькі прыватных тэлеканалаў. Тое самае і ва Ўкраіне.

 

Ёсць і яшчэ адно прынцыповае адрозненне: у тым жа Кіраве, напрыклад, штотыдзень мясцовая Дума ладзіць прэс-канферэнцыі для журналістаў ЎСІХ выданняў па тых пытаннях, якія цікавяць, перш за ўсё, саміх журналістаў. Хоць у Расіі пагібельны ўплыў партыі ўлады на інфармацыйным фронце, безумоўна, прысутнічае.


Чаго не хапае ў сучасных рэгіянальных СМІ гарадзенскаму чытачу?

 

Заўсёды не хапае навін. Інтэрнэт у дадзеным выпадку – выратаванне. Тая ж “Вячорка” не можа выходзіць штодня ў папяровым варыянце, а ў інтэрнэт-версіі спрабуе паспяваць за падзеямі.

 

Мне асабіста не хапае нейкіх журналісцкіх расследаванняў, вострых і разумных інтэрв’ю з чыноўнікамі, мясцовымі палітыкамі, грамадскімі дзеячамі. Яшчэ мне не хапае “аўтарскага водару” – стылю, умення валодаць словам.

 

Чым займаецеся цяпер?

 

Фрылансерствую.


Вас пазнаюць на вуліцах у Гродне?

 

Няўжо я так моцна змянілася? (смяецца) Пазнаюць, толькі тут я цяпер бываю не так часта.


Адзін нумар “БІ” паспеў выйсці ў Смаленску, у інтэрнэце можна знайсці яе архіў … Калі гарадзенцы ўбачаць свежы выпуск “БІ”? Ці разглядаеце наогул такі варыянт?

 

Не.


Дзякую і віншую!


Здымкі прадстаўленыя Аленай Раўбецкай, а таксама з архіву “Твайго стылю” i газеты “Біржа інфармацыі”