“Палітыку “выпаленай зямлі” ў Беларусі пачаў Мураўёў”

У залі паседжанняў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага адбыўся круглы стол “Паўстанне 1863 года ў Беларусі: гісторыя і памяць”. Яго арганізатарамі выступілі сама бібліятэка, ГрДУ імя Янкі Купалы, гісторыка-археалагічны музей ды гістарычны архіў.

 

 

У вітальным слове дэкан гістфака Эдмунд Ярмусік адзначыў, што гэты год праходзіць пад знакам юбілею паўстання, якое распачалося 150 год таму. Ён падкрэсліў: Cамае галоўнае ў гісторыі – не палітызаваць яе”.

 

Андрэй Вашкевіч расказаў пра артэфакты паўстання ў фондах Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея. Сярод іх ёсць і ўнікальныя рэчы, напрыклад, дзённік з малюнкамі ссыльнага паўстанца, якому на момант пачатку яго напісання было ўсяго 14 год.

 

Альбо фотаальбом са здымкамі першых гарадзенскіх фотамайстроў, перададзены музею ў 1922 годзе Юзафам Маркевічам. Сярод іх маюцца як мінімум 10 партрэтаў паўстанцаў (напрыклад, І. Здановіча).

 

 

Прафесар Вячаслаў Швед (на здымку прамаўляе) паведаў пра сваю будучую кнігу, прысвечаную асобам паўстання, звязаным з Гродна. Апошні з яе васьмі нарысаў будзе прысвечаны “адрасам памяці”: дзе жылі, ваявалі, працавалі і гінулі паўстанцы. Гэтая інфармацыя можа быць выкарыстана для мемарыяльных шыльдаў ды турыстычных маршрутаў.

 

Прафесар Аляксей Пяткевіч адзначыў, што вакол асобы Кастуся Каліноўскага у свой час склаўся стэрэатып “баявіка”, з якім намагаліся змагацца гісторыкі А. Смірноў і Г. Кісялёў. Нягледзячы на тое, што творы Каліноўскага насычаныя баявымі заклікамі, сярод іх маюцца і асветніцкія ідэі: трэба вучыць грамадства, развіваць яго дух, каб людзі ўсвядомілі патрэбу знішчэння самаўладдзя.

 

Нават кандыдат гістарычных навук Уладзімір Ягорычаў (на першым здымку) прызнаўся, што для сябе ўласна лічыць Каліноўскага “арэолам рэвалюцыянера” (тэрмін няпросты для зразумення – аўт.). Вядомы сваёй прокамуністычнай пазіцыяй даследчык параіў маладому пакаленню гісторыкаў зыходзіць у сваіх адзнаках найперш з навуковых пазіцый і не цурацца крыніц, якімі б яны не былі.

 

 

Кандыдат гістарычных навук Алесь Радзюк (на здымку) адзначыў, што “палітыку выпаленай зямлі” карнікі Мураўёва праводзілі ў Беларусі задоўга да немцаў. У адной з інструкцый Мураўёва, напісаных летам 1863 года, даваўся загад найбольш “вінаватыя” шляхецкія ваколіцы спальваць, а іх насельніцтва вывозіць у Сібір. Варта адзначыць, што падчас карных акцый жыхароў навакольных вёсак адмыслова прыганялі на месца, каб тыя бачылі сваю будучыню у выпадку, калі падтрымаюць паўстанцаў.

 

Круглы стол, на якім прысутнічалі ды актыўна задавалі пытанні студэнты гістфаку, прайшоў без вострых рознагалоссяў. Найбольш адыёзны ў сваіх поглядах адносна паўстання гісторык Валеры Чарапіца, у канферэнцыі ўдзелу не прымаў.

 

Здымкі Яна Лялевіча