Іна Соркіна: Хачу, каб мае дзеці вывучалі гісторыю Беларусі па-беларуску

|

 

Іна Соркіна:

На гэты раз я занялася дадзенай праблемай у першую чаргу як маці двух сыноў.
Пытанне  мяне хвалюе з 2008 года, калі пад пераход на рускую мову вывучэння гісторыі Беларусі трапляў мой старэйшы сын.

Цяпер і малодшы сын падрос.


Шмат гаворыцца пра нібыта выбар бацькамі мовы выкладання гэтых прадметаў. Аднак сведчу ад імя бацькоў: у нас ніхто не пытаўся. Больш за тое, на бацькоўскім сходзе нашага класа амаль усе (за выключэннем двух чалавек) выказалі жаданне, каб дзеці вывучалі гісторыю Беларусі па-беларуску.  

Лічу памылковым перавод выкладання геаграфіі і гісторыі Беларусі на рускую мову, і думаю, што гэтую памылку неабходна выправіць.

Веды школьнікаў  па айчыннай гісторыі не сталі ад гэтага лепшымі. А вось узровень валодання  беларускай  мовай значна пагоршыўся: абсалютная большасць школьнікаў не толькі не могуць размаўляць на беларускай мове, але нават і не разумеюць яе.

21 лютага, у Дзень роднай мовы, Іна Соркіна вырашыла распачаць збор подпісаў, каб пазней дадаць іх да свайго ліста ў  Міністэрства адукацыі з абгрунтаваннем неабходнасці вяртання  абавязковага выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.

Гэта можна зрабіць паэтапна, па меры сканчэння пяцігадовых тэрмінаў выкарыстання падручнікаў, што дазволіць пазбегнуць дадатковых бюджэтных выдаткаў (пра вялікія памеры якіх – каля 10 млд. руб. – узгадваў намеснік міністра К.Фарыно).


Іна Соркіна:

-Напрыклад, у  2013/2014 навучальным годзе заканчваецца пяцігадовы тэрмін выкарыстання падручніка па гісторыі Беларусі для 6 класа (менавіта у гэтым класе распачынаецца школьны курс гісторыі Беларусі).

Значыць, калі з 2014/2015 увесці беларускамоўнае  выкладанне гісторыі Беларусі ў 6 класе, то ніякіх дадатковых выдаткаў на гэта не спатрэбіцца.

 

Збор подпісаў пад зваротам у Міністэрства адукацыі наконт вяртання абавязковага выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску ідзе на рэсурсе change.org.

 

Пакуль зварот падтрымалі каля 200 чалавек.

 

Падтрымаць ініцыятыву Іны Соркінай і пакінуць свой подпіс  за выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску можна тут.

 

Пра намер перавесці выкладанне гэтых прадметаў  на беларускую мову ў сакавіку 2012 года паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Намеснік міністра Казімір Фарына на прэс-канферэнцыі  16 мая заявіў, што ў бліжэйшы час гэтага не будзе.

 

Здымак http://harodnia.com