Звольніць Андрэя Чарнякевіча загадаў старшыня аблвыканкаму Сямён Шапіра

|

У панядзелак міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прэзентаваў калектыву ГрДУ новапрызначанага рэктара Андрэя Караля.

На паседжанні прысутнічалі гарадзенскія чыноўнікі з абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі.

 

Пасля Маскевіча ўзяў слова старшыня абласнога выканаўчага камітэту Сямён Шапіра. “Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста”, – раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.

У сваім выступленні ён пахваліў універсітэт за тэхналагічныя дасягненні і раскрытыкаваў за промахі ў ідэалагічнай працы.

Пра гэта “Белсату” распавяла адна з прысутных на сённяшняй сустрэчы ў ГрДУ.

“Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? – выступаў галоўны чыноўнік Гарадзеншчыны. – Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!”.

Шапіра ўпікнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў са звальненнем Андрэя Чарнякевіча быццам праз сваё знаёмства з бацькам гісторыка, які таксама працаваў у купалаўскім універсітэце.

Старшыня аблвыканкаму прызнаўся, што ён уласнаручна даў загад звольніць аднаго з аўтараў падручніка “Гродназнаўства” Андрэя Чарнякевіча.

Скандал з падручнікам “Гродназнаўства” разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю “за парушэнне працоўнай дысцыпліны” з ГрДУ звольнілі аднаго з аўтараў – Андрэя Чарнякевіча.

За 2 дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмай размовы быў падручнік “Гродназнаўства”.